У Акадэміі мастацтваў сабралі больш за тысячу подпісаў пад палітычным зваротам
Акадэмія мастацтваў / "Вікіпедыя"
Супрацоўнікі, выпускнікі і студэнты Акадэміі мастацтваў сабралі больш за тысячу подпісаў пад зваротам да грамадства, прадстаўнікоў закона і органаў улады. Яны заяўляюць пра грубае парушэнне сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў.
"Мы захоўваем, перадаем і памнажаем веды пра беларускую культуру, а культура, як вядома, гэта душа народа. Сёння ў народа баліць душа ў сувязі з падзеямі апошніх тыдняў, і мы не можам заставацца ў баку і не рэагаваць на востры палітычны крызіс , які адбываецца ў нашай краіне", — гаворыцца ў звароце.
Падпісанты выступаюць супраць гвалту ў дачыненні да мірных пратэстуючых. Яны лічаць, што выказванне Лукашэнкі аб тым, што работнікам адукацыі, якія не падтрымліваюць дзяржаўную ідэалогію, не месца ў беларускай сістэме адукацыі, парушае правы людзей на дэмакратычную разнастайнасць ідэалогій і меркаванняў. Таксама ў звароце асуджаецца ціск на незалежныя СМІ і неабгрунтаваныя затрыманні журналістаў.
У сувязі прамымі доказамі фальсіфікацый пры правядзенні прэзідэнцкіх выбараў, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе, падпісанты выказваюць недавер да іх вынікаў і патрабуюць у самыя кароткія тэрміны правядзення новых адкрытых і сумленных выбараў.
"Мы, тыя, хто падпісаўся ніжэй, не замахваемся на нацыянальную бяспеку ці парушэнне грамадскага парадку, але мы патрабуем захавання нашых грамадзянскіх правоў, свабод і волевыяўлення, і заклікаем улады да дыялогу з грамадствам для хутчэйшага выхаду з існуючага крызісу", — гаворыцца ў заключнай частцы звароту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.