У армію РБ шукаюць спецыялістаў з веданнем літоўскай мовы — "Беларускі Гаюн"
Літоўская мова
Спецыялістаў з веданнем літоўскай мовы запрашаюць на працу ва Узброеныя Сілы Беларусі. Гэта заўважыў праект маніторынгу ваеннай актыўнасці "Беларускі Гаюн".
Раз на паўгода на сайце Мінабароны абнаўляюцца звесткі пра вакансіі для службы паводле кантракту. Апошняе абнаўленне было 1 ліпеня 2023 года. Тады і з'явілася згаданая вакансія.
Аператара з веданнем літоўскай і англійскай моваў запрашалі на службу ў вайсковую часць 74384 у Азёрках (Пастаўскі раён Віцебскай вобласці).
"Беларускі Гаюн" адзначае, што гэтая часць — адно з падраздзяленняў 153-й радыётэхнічнай брыгады асаблівага прызначэння (в/ч 30695, дыслакуецца ў Валожыне). Яна займаецца радыёэлектроннай разведкай і падпарадкоўваецца галоўнаму разведвальнаму ўпраўленню Генштаба.
Адлегласць ад ваеннага гарадка в/ч 74384 да мяжы з Літвой — каля 10 кіламетраў.
Тут жа размяшчаецца аэрадром "Азёры", які падпарадкоўваецца Міністэрству па надзвычайных сітуацыях. Яго ўзлётна-пасадачная паласа прадугледжвае эксплуатацыю толькі верталётаў і самалёта Ан-2.
Дарэчы, на службу паводле кантракту ў гэтую ж вайсковую часць патрабуюцца таксама камандзір аддзялення, кіроўца катэгорыі "С" і санінструктар.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.