У бабруйскіх галадоўнікаў забралі пашпарты

У панядзелак звольненыя рабочыя з Бабруйску зноў прышлі да гарвыканкама, каб працягнуць галадоўку. Зноў з прадстаўнікоў мясцовай ўлады да іх ніхто не вышаў, але з'явілася міліцыя, каб затрымаць галадоўнікаў.

"Умяшалася міліцыя ў нашы дзеянні. У нас бралі інтэрв'ю, але міліцыя сказала, што не маеце права, пазабіралі нашы пашпарты", — распавядае Еўрарадыё Мікалай Жыбуль.

Міліцыянты прапанавалі звольненым рабочым праехаць за імі на ўласным аўтамабілі для разбіральніцтва ў аддзяленні. Але, па словах Мікалая Жыбуля, яны адсталі і цяпер без дакументаў высвятляюць, у якое аддзяленне ім трэба прыехаць.

Жыбуль: "Яны паехалі наперадзе. Сказалі, каб мы ехалі за імі. І ў выніку яны ад нас адарваліся, і мы не ведаем. Сітуацыя такая, што яны незразумела дзе, мы без дакументаў у іншым баку горада".

Пазней стала вядома, што пратэстоўцы знаходзяцца ў пастарунку, дзе іх апытваюць. Разам з імі апытваюць незалежных журналістаў Вячаслава Пяшко і Артура Бондарава.

Нагадаем, у Бабруйску звольненыя з Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў чацвёра сябраў Свабоднага прафсаюза Беларускага — Мікалай Жыбуль, Алег Шаўчэнка, Аляксандр Варанкін і Аляксандр Грамыка патрабуюць аднавіць іх на працы. 

5 лістапада рабочыя пачалі галадоўку ў будынку Бабруйскага гарвыканкама. На акцыю яны наважыліся пасля таго, як не дачакаліся адказу ад Аляксандра Лукашэнкі, да якога звярталіся з адкрытым лістом. У ім яны прасілі кіраўніка дзяржавы разабрацца з незаконнымі, як яны лічаць, звальненнямі сябраў СПБ.

На што спадзяваліся рабочыя і за што іх звольнілі, у інтэрвью Еўрарадыё рассказаў просты станочнік Мікалай Жыбуль

Фота — u-f.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі