У балотах заграз унікальны пазадарожнік беларускіх памежнікаў (відэа)
Доследны ўзор пазадарожніка МЗКТ-500200 не вытрымаў чарговы этап дзяржвыпрабаванняў, які праходзіў ў Пінскім памежным атрадзе.
Як піша газета “Вечерний Брест”, “Волат” заграз у глыбокай яме на тэрыторыі ландшафтнага заказніка “Альманскія балоты”. Толькі праз некалькі сутак памежнікі здолелі выцягнуць баявую машыну з дарожнай пасткі. Вайсковы пазадарожнік адправілі ў Мінск. Там вытворца з улікам заўваг выпрабавальнікаў будзе выпраўляць выяўленыя хібы аўтамабіля.
Паводле інфармацыі Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту Беларусі, МЗКТ-500200 распрацаваны на Мінскім заводзе колавых цягачоў на замову Памежнага камітэта для замены існуючых на ўзбраенні ГАЗ-66 і ГАЗ-3308 “Садко” расійскай вытворчасці. Аўтамабіль прызначаны для аператыўнай дастаўкі да 21 чалавека асабістага складу ці неабходных грузаў масаю да трох тон па ўсіх тыпах дарог разведанай мясцовасці.
Было зроблена два ўзоры новага транспартнага сродку. Іх накіравалі на тэст-драйв у Гродзенскі і Пінскі памежныя атрады. Трэцяга ліпеня 2013 года пазадарожнік быў упершыню паказаны шырокай публіцы і ўзначальваў калону вайсковай тэхнікі на парадзе да Дня Незалежнасці.
Фота — com-drive.com