У Баранавічах мужчына аглушыў 15-гадовую школьніцу і засунуў у багажнік аўто
Баранавіцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта пачаў крымінальную справу на 39-гадовага мясцовага жыхара. Мужчыну вінавацяць у асабліва злосным хуліганстве.
Паводле звестак Следчага камітэта, удзень 2 жніўня на пустцы каля вуліцы Бадака ў Баранавічах ён ударыў у галаву 15-гадовую дзяўчыну і заштурхаў яе ў багажнік свайго аўтамабіля "Опель Зафіра". Школьніца ў той момант адна вярталася дадому з вадаёма, дзе адпачывала разам з сяброўкамі.
Дзяўчына, па яе словах страціла прытомнасць. Калі ачуняла, то яна пералезла ў салон і выскачыла з мінівэна каля аўтазаправачнай станцыі. Яна стала прасіць мінакоў дапамагчы, тыя выклікалі медработнікаў. Пацярпелую з рознымі траўмамі шпіталізавалі ў лякарню.
Мужчына паспрабаваў уцячы на сваім аўто, але неўзабаве яго затрымалі праваахоўнікі. Цяпер ён змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, і з ім працуюць следчыя.
У межах крымінальнай справы высвятляюцца ўсе абставіны здарэння, а таксама матывы злачынства, дапытваюцца сведкі, прызначаны шэраг экспертных даследаванняў. Вырашаецца пытанне пра заключэнне затрыманага пад варту і правядзенне судова-псіхіятрычнай экспертызы.
Паведамляецца, што мужчына ўжо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства.