У Барысаве адмянілі платную ранішнюю прадлёнку, бо “гэта была памылка школы”

У Барысаве адмянілі платную ранішнюю прадлёнку, бо “гэта была памылка школы”

У барысаўскіх школах не будуць браць плату з вучняў, якія прыходзяць у школу раней за 9.00 і праводзяць час у ранішняй прадлёнцы. Пра такую практыку стала вядома 5 верасня. Бацькам вучняў прапанавалі плаціць 2,38 рубля за паўтары гадзіны такой прадлёнкі, гадзіна мусіла абыходзіцца ў 1,88 рубля.

Як паведамілі Еўрарадыё ў аддзеле адукацыі Барысаўскага райвыканама, такая прапанова — памылка дырэктара школы.

Супрацоўнік аддзела адукацыі: “Ёсць паслуга — платныя адукацыйныя паслугі. Дырэктар школы думала прапанаваць такія паслугі. Але такія паслугі не могуць аказвацца да пачатку заняткаў, таму, безумоўна, гэта была памылка. Групы так і не былі сфармаваныя ні ў адной са школ раёна”.

Міністэрства адукацыі таксама негатыўна адрэагавала на такую прапанову. Паводле ведамства, прадлёнка як да пачатку, так і пасля заняткаў мусіць быць бясплатная. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла прэс-сакратар міністэрства Людміла Высоцкая.

Заняткі ў школах вырашылі зрабіць з 9.00 пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што “дзеці не высыпаюцца”. Гэта стварыла для бацькоў дадатковыя праблемы, бо праца ў многіх пачынаецца раней за 9-ю раніцы. У выніку дзеці ўсё адно прыходзяць у школы значна раней за 9.00.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі