У Барысаве на камунальнікаў падалі ў суд з-за грызуноў у кватэры

Пасля нападаў пацукоў людзі звярталіся па меддапамогу (ілюстрацыйнае фота)

Пасля нападаў пацукоў людзі звярталіся па меддапамогу (ілюстрацыйнае фота) / pixabay.com

У Барысаве на камунальнікаў падалі ў суд з-за грызуноў у шматкватэрным доме, паведамляе прэс-служба Мінскага абласнога суда. Пацукі пашкодзілі сцены і падлогу адной з кватэр, нападалі на людзей і кусалі іх. Суд разглядаў іск жыхароў кватэры да прадпрыемства "Жыллё". Яны заявілі, што камунальнікі неналежным чынам аказвалі жыллёва-камунальныя паслугі, у прыватнасці па санітарным утрыманні дапаможных памяшканняў, з-за чаго ў падвале жылога дома з'явіліся грызуны. У судзе было пацверджана, што пацярпелыя пасля нападаў пацукоў звярталіся па меддапамогу.

Жыхары кватэры спадзяваліся, што з прадпрыемства "Жыллё" ўдасца спагнаць грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 5 тысяч рублёў кожнаму. Аднак суд вырашыў задаволіць іск толькі часткова. Кожны пацярпелы атрымае па 1300 рублёў. Камунальнікі павінны вырашыць праблему з грызунамі, ліквідаваць дзіркі ў кватэры. Суд вынес прыватнае вызначэнне ў адрас кіраўніка прадпрыемства "для недапушчэння ў далейшым падобных парушэнняў заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі