У БДУ адхрысціліся ад настойлівай просьбы да студэнтаў прагаласаваць датэрмінова

Фота: skyteach.ru
Фота: skyteach.ru

8 лютага ў сацсетках з'явіўся скрыншот паста са звернутай да студэнтаў БДУ настойлівай просьбай датэрмінова прагаласаваць на выбарах у Мінгарсавет за Вольгу Цесакову. Цесакова, старшыня студэнцкага самакіравання БДУ, ідзе ў дэпутаты па Дзяржынскай выбарчай акрузе № 23, на тэрыторыі якой размешчана некалькі інтэрнатаў універсітэта.

Аўтар паведамлення, камандзір Студэнцкай службы бяспекі БДУ Максім Шалюта, не адмаўляе, што тэкст склаў менавіта ён. Шалюта згадвае ў посце прарэктара БДУ Івана Янушэвіча і нейкага Дзмітрыя Іванавіча — у рэктараце БДУ Еўрарадыё патлумачылі, што гаворка пра намесніка дырэктара Студэнцкага гарадка Дзмітрыя Мікулку. Па словах камандзіра ССБ, "адміністрацыя універсітэта сочыць за тым, як студэнты падтрымліваюць кандыдата ад БДУ".

Аднак, уласна ў адміністрацыі універсітэта ад ініцыятывы Максіма Шалюта адхрысціліся.

 

"Такое адчуванне, што гэта палітычная замова"

Звязацца з Іванам Янушэвічам у Еўрарадыё не атрымалася: у рэктараце нам паведамілі, што прарэктар на некалькі дзён з'ехаў па справах у Магілёў. Пакуль яго няма, нам прапанавалі абмеркаваць сітуацыю з начальнікам упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Аляксеем Багамазовым.

"Вы мяне цяпер разыгрывае, жартуеце? — адказаў на просьбу аб каментарыі Багамазаў. — Усё гэта, калі шчыра, выклікае ўсмешку. Такое адчуванне, што гэта палітычная замова. Такое апрыёры выключана ў нас ва ўніверсітэце. Служба бяспекі ў БДУ ёсць, гэта аператыўныя атрады ў інтэрнатах. Асабіста з Максімам я не сутыкаўся. Не магу абвергнуць ці пацвердзіць, нават не ведаю, хто ён".

Начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю не мае намеру афіцыйна рэагаваць на сітуацыю і прымаць нейкія меры. Тое, што распаўсюджванне падобнай інфармацыі дыскрэдытуе рэпутацыю БДУ, суразмоўцу Еўрарадыё не бянтэжыць.

"Магчыма, нехта папрасіў яго [Максіма Шалюта. — Еўрарадыё] так зрабіць. Не бачым падставаў разбірацца ў гэтым. БДУ займаецца сваімі функцыянальнымі задачамі — навучае студэнтаў. Я не разумею, што ў вас у руках і што я павінен каментаваць. Што гэта за скарга? Каментарый з форума? Я асабіста не чытаў гэтага ліста. Мне здаецца, што гэта наогул нейкі розыгрыш! Вы ўзгадваеце факты, якія зневажаюць гонар і годнасць універсітэта. Прычым, гэта ваша нейкая трактоўка.

Калі будзе зварот грамадзяніна, арганізацыі, тады мы будзем яго разглядаць. Уяўляеце, у нашым ВНУ навучаецца больш за 25 тысяч студэнтаў. Кожны можа нешта сказаць, заявіць. Як я буду каментаваць неправераную заяву студэнтаў?"

Дзмітрый Мікулка каментаваць сітуацыю па тэлефоне адмовіўся і кінуў трубку. Датэлефанавацца да яго паўторна не ўдалося.

 

"Страх страціць месца ў інтэрнаце для студэнта — выдатны кручок"

Студэнты, якія апублікавалі паведамленне Максіма Шалюты, не хочуць раскрываць свае імёны з-за боязі страціць месца ў інтэрнаце. У посце-запрашэнні на выбары няма прамых указанняў на санкцыі ў дачыненні да студэнтаў, якія не прагаласуюць датэрмінова. Аднак Шалюта піша, што "ад усіх вынікаў падтрымкі залежыць далейшае наша фінансаванне".

"Гэта азначае вось што. Членаў аператрада (ССБ), якія дапамагаюць падтрымліваць парадак у інтэрнатах, прэміруюць, яны маюць права на першачарговае засяленне і ў лепшыя пакоі, — расказваюць ананімныя суразмоўцы Еўрарадыё, з якімі мы звязаліся па электроннай пошце. — Калі яны не зробяць, як іх просяць (не прагаласуюць датэрмінова, не напішуць, дзе будуць падчас датэрміновага і звычайнага галасавання), то яны пазбавяцца прывілеяў, і іх месцы зоймуць больш пакорлівыя.

Страх страціць месца ў інтэрнаце для студэнта, бацькі якога не могуць плаціць здыманне жыллё — выдатны кручок. Бо для многіх страта інтэрната раўнасільная адлічэнню".

 

"Я ад гэтага, як супрацоўнік Службы бяспекі, дакладна нічога не атрымаю"

Студэнт БДУ Арцём Ткачук — ўдзельнік аднаго з аператрадаў Службы студэнцкай бяспекі БДУ. Ён распавёў Еўрарадыё, што бачыў паведамленне Максіма Шалюта.

"Студэнты забываюць, што трэба прагаласаваць. Ва ўсіх вучоба, і гэта, хутчэй, напамін. Я не расцэньваю публікацыю Максіма, як ціск. Гэта яго асабістае меркаванне. Ён вырашыў, што хоча, каб усе схадзілі на выбары раней. Але якая розніца?

Я магу пачуць, а магу не пачуць. Навошта хадзіць на выбары раней, мне невядома, я ад гэтага, як супрацоўнік Службы бяспекі, дакладна нічога не атрымаю".

Разважаючы пра перспектыву страціць месца ў інтэрнаце за тое, што студэнт не прагаласуе датэрмінова, Арцём Ткачук адзначыў:

"Шчыра кажучы, калі ты працуеш добра, праблем з інтэрнатам быць не павінна. Што да выбараў, то яны — справа кожнага. Тое, што Максім піша, што трэба галасаваць датэрмінова — яго асабісте меркаванне".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі