“Прагаласаваць за Цесакову”. Студэнты БДУ атрымалі “запрашэнне” на выбары

“Прагаласаваць за Цесакову”. Студэнты БДУ атрымалі “запрашэнне” на выбары

8 лютага блогер Антон Матолька на сваёй старонцы ў Facebook публікуе ліст, з якім да яго звярнуліся “студэнты БДУ”.

“На жаль, узровень ціску на нас з набліжэннем выбараў вельмі моцна ўзрос. Цяпер ціск ідзе ўжо з боку рэктарата. Па-перашае, просяць прагаласаваць за пэўнага кандыдата ― Вольгу Цесакову. Гэта яшчэ куды не ішло. Але нас фактычна прымушаюць прагаласаваць датэрмінова! Па-трэцяе, нам адкрытым тэкстам заяўляюць, што адміністрацыя сочыць за тымі, хто падтрымлівае/не падтрымлівае Вольгу”, ― гаворыцца ў звароце да Матолькі.

У якасці доказу пералічаных фактаў ціску прыкладзены скрын допісу камандзіра “Студэнцкай службы бяспекі” Максіма Шалюты.

Няўжо, каб забяспечыць яўку на выбарах, адміністрацыя БДУ сапраўды пайшла на выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу? Пікантнасці сітуацыі дадае тое, што ў Дзяржынскай выбарчай акрузе Мінска, дзе балатуецца Вольга Цесакова, за дэпутацкі мандат змагаецца яшчэ адзін прадстаўнік БДУ ― дацэнт Яўген Казлоў, вылучэнец Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

Максім Шалюта, аўтар дзіўнага звароту да студэнтаў, сцвярджае: ён нікога не імкнуўся запалохаць. Ну, амаль не імкнуўся…

Максім Шалюта: “Нікога агітаваць ісці галасаваць ці не ісці галасаваць за нейкага канкрэтнага чалавека я не збіраўся і не буду. Паведамленне маё было вельмі рэзкім, я там спасылаўся на пэўных людзей (прарэктара Івана Янушевіча. ― Еўрарадыё) і прасіў ўсіх, каб абавязкова прагаласавалі 13 лютага (першы дзень датэрміновага галасавання ― Еўрарадыё), не таму, што нам гэта нехта загадвае і нам абавязкова гэта трэба зрабіць. Я напісаў гэта толькі для таго, каб важнасць паведамлення перадаць. Ведаеце, за час, што я працую, я зразумеў, што калі проста напісаць: “У нас тут выбары, схадзіце 13 лютага прагаласуйце, калі хочаце”, дык адсоткаў 70 людзей гэта прачытаюць і забудуць. А калі напісаць так, як гэта я напісаў, то даведаюцца пра гэта ўсе. Сваім паведамленнем я не хацеў дабіцца, каб на выбары схадзілі ўсе ― я проста хацеў, каб на гэтае паведамленне звярнулі ўвагу”.

Эфект пераўзышоў усе чаканні Максіма. І гэта не толькі пра цікаўнасць журналістаў да сітуацыі і абмеркаванне яе ў сацыяльных сетках.

“Вельмі шкадую, што гэта напісаў. Калі б ведаў, што будуць такія наступствы, не пісаў бы… Сёння ва ўніверсітэце ў мяне цяжкі дзень, я павінен быў быць на лекцыях, але з-за ўсяго гэтага я ва ўніверсітэце не магу знаходзіцца, бо вельмі моцны ціск. Калі кажаш людзям адно, а яны там бачаць іншае, і спрабуюць паказаць цябе не з лепшага боку… Ёсць тыя, хто піша, што я парушыў закон гэтым паведамленнем. Ці ўспрымаць гэта сур’ёзна, я не ведаю, але ў любым выпадку, на маральны стан гэта ўплывае. Шчыра кажучы, сядзець на парах і глядзець на людзей, якія глядзяць на цябе, цяжка”, ― прызнаецца камандзір “Студэнцкай службы бяспекі”.

Максім Шалюта ўпэўнівае, ніякага ціску на студэнтаў у БДУ няма, і загаду напісаць такое паведамленне ён з рэктарата не атрымліваў. Тым не менш, хлопец не лічыць, што такая палітычная актыўнасць можа скончыцца выключэннем з ВНУ.

Кандыдат у дэпутаты Вольга Цесакова клянецца: нічога пра прыватную ініцыятыву свайго добраахвотнага памочніка Максіма Шалюты не ведала.

Вольга Цесакова: “Вы мяне шчыра цяпер расстроілі. Падтрымка БДУ была толькі ў адабрэнні маёй кампаніі. Падтрымка студэнтаў ― толькі ў выглядзе дапамогі па правядзенні мерапрыемстваў, на пікетах у нас цяпер стаяць студэнты. І гэта ўсё абсалютна добраахвотна. Нікога з-пад палкі туды не гоняць. Тым больш, не гоняць уступаць у групу і прыходзіць на выбары менавіта 13 лютага. Я вельмі цаню Максіма як чалавека, які хацеў мяне падтрымаць. Я ўпэўненая, ён хацеў зрабіць як лепш. Але, наколькі я разумею, там не было закліку галасаваць за мяне. І словы пра новага прарэктара ― як яны там звязаныя, я таксама слаба ўяўляю. У чым будзе заключацца сэнс адміністрацыйнага рэсурсу ― як новы прарэктар паўплывае на тое, прыйдуць людзі галасаваць ці не, будуць яны ў май групе ці не?”

Вольга прызнаецца, нічога пісаць Максіма не прасіла і піяру сабе, асабліва такога, не хацела. А на заканчэнне кажа: “Тое, што цяпер адбываецца… Я нават не ведаю, будзем з гэтым яшчэ разбірацца”.

 

Відаць, хутка можна будзе пісаць: “Выбары + студэнты = скандал”. Размовы пра тое, што студэнтаў ці прымушаюць галасаваць датэрмінова, ці настойліва схіляюць на бок канкрэтнага кандыдата, гучаць падчас практычна кожнай выбарчай кампаніі. Сёлетняя не стала выключэннем. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі