Студэнты тлумачаць, чаму зрабілі гэта датэрмінова: "Трэба выконваць"
Малюнак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі: enfilme.com
Гэты выбарчы ўчастак добры ўсім: 96,4% тых, хто прагаласаваў датэрмінова, 98,9% — усяго. Участак размясціўся ў мінскім інтэрнаце №11, дзе жывуць студэнты БДУ. Перамагае тут старшыня студсавета Студэнцкай вёскі Вольга Цесакова. Таму ў фаварыта не самы круты вынік — усяго 61,5% галасоў. І, дарэчы, на датэрміновым галасаванні ў пераможцы 854 галасы, а ў дзень выбараў за яго прагаласавалі 7 чалавек.
Журналіст Еўрарадыё выправіўся на выбарчы ўчастак, каб паразмаўляць са студэнтамі, якія прагаласавалі загадзя.
Уладзіслаў Кузьміч і Аляксей Сырыца вучацца на 4-м курсе юрфака. Уладзіслаў зрабіў гэта датэрмінова, Аляксей прынцыпова — у дзень выбараў, маўляў, "так менш шанцаў на падтасоўку галасоў".
"Чаму я пайшоў галасаваць? Нам як бы мякка намякнулі, што варта туды схадзіць, — кажа Уладзіслаў. — Зараз будынак інтэрната збіраюцца рамантаваць да Еўрапейскіх гульняў. Незразумела, чаму менавіта пасярод навучальнага года нас перасяляюць у іншыя інтэрнаты. Ёсць інтэрнаты лепшыя, ёсць горшыя . Калі не ходзіш на выбары, не супрацоўнічаеш з адміністрацыяй, ёсць шанец адправіцца куды-небудзь за МКАД або ў якую-небудзь "клапоўню".
"Цікавы момант, — дадае Аляксей. — Я прыйшоў у дзень галасавання, і мяне выселілі за МКАД, ён датэрмінова — і нармальна уладкаваўся, у інтэрнаце ў цэнтры Мінска. Нам сёння абвясцілі".
"Ну вось мы і схадзілі, — працягвае Уладзіслаў. — Але намякалі нам мякка, так ужо зусім, каб прымушалі галасаваць за кагосьці пэўнага, то няма. Ты нават не баішся, што табе нешта зробяць, проста хочацца, каб хутчэй адчапіліся. Так, я не баюся, што хтосьці парушае гэтым мае канстытуцыйныя правы, крадзе мой голас — не ў гэтым праблема. Мне пляваць на гэтыя выбары".
Міхаіл Зайцаў — студэнт трэцяга курса мехмата, таксама прагаласаваў датэрмінова, хоць у дзень галасавання выходзіць з інтэрната, дзе знаходзіцца выбарчы ўчастак. Тлумачыць гэта тым, што "ставіцца да гэтага з разуменнем", "трэба выконваць":
"Таму што гэта патрабаваў інтэрнат. Як я разумею, БДУ прымушалі зверху, каб студэнты галасавалі, БДУ трэба выкручвацца, таму прымушае інтэрнат, а інтэрнат — студэнтаў. Неяк так. Проста прыгразілі, што будзе кепска. Хтосьці сказаў, я не памятаю дакладна. Мне стараста перадала. Я стаўлюся да гэтага з разуменнем. Тут не БДУ і не інтэрнат вінаватыя, а тыя, хто стаяць над імі. Даводзіцца выконваць".
Старшыня выбарчай камісіі Аляксандр Ігнатчык, кажа, што фенаменальна высокая датэрміновая яўка выбаршчыкаў — "стандартная яўка для студэнцкіх інтэрнатаў":
"Нічога выключнага ў гэтым няма. Я браў удзел у кампаніях мінулых гадоў. Яўка на такіх выбарчых участках у дні датэрміновага галасавання складае 80-95%".
Растлумачыць, чаму студэнты, якія часта нават да сесій рыхтуюцца ў апошні момант, праяўляюць такую свядомасць на выбарах, кіраўнік камісіі не змог: "Я гэтых пытанняў ім не задаю".
"Студэнты хочуць паехаць са спакойнай душой дамоў да бацькоў на бліны і на дранікі, вось таму і галасуюць датэрмінова", — паспрабаваў пераканаць мяне Фёдар, добры назіральнік на гэтых выбарах ад "Чырвонага Крыжа". Дзякуй, Фёдар, да мамы на бліны — самае мілае тлумачэнне.
"У гісторыі БДУ я не памятаю ніводнага выпадку, каб чалавек не схадзіў на выбары і яго выселілі з інтэрната, — кажа Дырэктар студгарадка БДУ Алла Мелех. — Такога ніколі не было і быць не можа. Крытэрыі, па якіх студэнта засяляюць у інтэрнат — яго актыўная жыццёвая пазіцыя, калі чалавек удзельнічае актыўна ў жыцці інтэрната — спартыўным, навуковым, вучэбным, у культурна-масавых мерапрыемствах. Але першы крытэрый — добрая вучоба. У нас стопрацэнтнага засялення няма, таму, натуральна, даводзіцца выбіраць — лепшых з лепшых . Права пражывання ў інтэрнаце могуць пазбавіць, калі студэнт напіўся, паліў у неналежным месцы, дэбашырыў. У нас студэнты настолькі праўдзівыя, што праўду могуць сказаць у вочы заўсёды. Я думаю, яны гэтага не баяцца".
Як паказалі мясцовыя выбары, студэнты не баяцца прыкладна на 3,6%.