У "Студэнцкай вёсцы" Мінска яўка на датэрміновае галасаванне — 96,4%
На датэрміновае галасаванне на выбарчым участку №35 у Маскоўскім раёне Мінска прыйшло 96,4% выбарцаў, піша праваабарончы сайт "Вясна". Участак знаходзіцца ў “Студэнцкай вёсцы”.
Участак №35 Дзяржынскай выбарчай акругі №23 знаходзіцца ў інтэрнаце №11 Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Назіральнік Зміцер Салаўёў кажа, што студэнты прыходзілі галасаваць групамі з першага дня датэрміновага галасавання. Часам з іх нават ствараліся чэргі.
Высокая яўка зафіксаваная і на суседнім участку №36 Дзяржынскай выбарчай акругі. Ён знаходзіцца ў інтэрнаце №1 Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Там за пяць дзён датэрміновага галасавання яўка выбарцаў склала 74,1%.
Дарэчы, на 23-й выбарчай акрузе балатуецца Вольга Цесакова, якая працуе ў студгарадку БДУ і з'яўляецца культарганізатарам інтэрнатаў. З ёй ужо быў раней звязаны скандал, калі студэнтаў заклікалі галасаваць за Цесакову.