У Беларусі абмяжуюць выкарыстанне авіямадэляў і дронаў

У Беларусі абмяжуюць выкарыстанне авіямадэляў і дронаў

Выкарыстанне авіямадэляў у паветранай прасторы будзе абмежаванае. Такі каментар дае прэс-служба кіраўніка дзяржавы да ўказа № 81. Гэты дакумент забяспечвае прававое рэгуляванне выкарыстання сучасных авіямадэляў. У каментары сказана, што яны сталі шырока даступнымі насельніцтву і выкарыстоўваюцца ў спартовых, забаўляльных мэтах, а таксама ў камерцыйнай і навукова-даследчай дзейнасці. Пры гэтым сучасныя авіямадэлі маюць небяспечныя тэхнічныя характарыстыкі, што да вышыні і хуткасці палёту, грузапад’ёмнасці. З-за гэтага яны сталі небяспечнымі для карыстальнікаў паветранай прасторы Беларусі.

“Не выключаецца таксама выкарыстанне лятальных апаратаў такога кшталту у тэрарыстычных, экстрэмісцкіх і іншых злачынных мэтах, у тым ліку ў месцах правядзення масавых мерапрыемстваў”, — сказана ў тлумачэнні.

Указ №81 удакладняе паняцце авіямадэляў, вызначае права на іх выкарыстанне ў паветранай прасторы Беларусі без дазволаў органаў Адзінай сістэмы арганізацыі паветранага руху. Парадак выкарыстання авіямадэляў вызначыць урад, а за парушэнне ўсталяваных правілаў будзе вызначаная адміністратыўнай адказнасць.

Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі ўдакладняе, што пад авіямадэллю разумеюць “лятальны апарат без чалавека на борце, кіраванне палётам якога магчымае толькі пры ўмове візуальнага кантакту з ім, а таксама некіраваны апарат свабоднага палёту”.

Нормы ўказа набываюць моц праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання. Згодна з дакументам, ураду даручана ў трохмесячны тэрмін падрыхтаваць праекты законаў аб унясенні зменаў у Паветраны кодэкс, паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі