У Беларусі грыбная ліхаманка! Як не прынесці з лесу атрутны грыб?

У Беларусі пачаўся грыбны сезон! / Еўрарадыё

У Беларусі пачаўся грыбны сезон! / Еўрарадыё

Грыбны сезон у Беларусі распачаўся, ды які! У лес паехалі нават тыя, хто ніколі не лічыў сябе аматарам ціхага палявання, як кажуць пра збор грыбоў. “Сядзяць як намаляваныя!” — пішуць беларусы ў сацсетках і дзеляцца здымкамі. Грыбоў сапраўды мора. Не трэба нават гадзінамі хадзіць па лесе: пад адным дрэвам можна нарэзаць кошычак. Але як не памыліцца і не набраць неядомых грыбоў? Вось парады ад Еўрарадыё.

Першае правіла любога грыбніка: сумняваешся — не бяры

Гуляючы па лесе, паўтарайце сабе гэтую замову. Яна гарантавана ўратуе вас ад атрутнай вячэры. Давярайце свайму ўнутранаму старажытнаму збіральніку: інстынкт самазахавання падкажа вам, што не трэба браць тое, што можа нарабіць шкоды здароўю.

Праўда, тут ёсць нюанс: а што, калі вы сумняваецеся на кожным грыбе?

Тут пераходзім да другой парады.

У Беларусі грыбная ліхаманка! Як не прынесці з лесу атрутны грыб?
Незнаёмыя грыбы лепей не браць / Еўрарадыё

Бярыце ў кампанію дасведчанага грыбніка

Калі вы ў лесе не ўпершыню, але пачуваецеся няўпэўнена, запрасіце ў кампанію “ляснога” чалавека — можа, старэйшага сваяка або звар’яцелага на грыбах сябра. І няхай ваш паход будзе выглядаць дзіўнавата, бо вы будзеце, як дзіця, пытаць, што гэта за грыб, затое ўсе застануцца жывыя.

Вывучыце матчастку

У дапамогу — інтэрнэт або вызначальнік грыбоў. У беларускіх лясах можна знайсці каля 200 відаў ядомых грыбоў. Але спакойна, нам не патрэбныя яны ўсе!

Для пачатку вывучым грыб-баравік. Ён самы прыгожы, на пузатай ножцы, са светла-карычневай шапачкай. Пад шапачкай — губка жаўтаватага або белага колеру. Калі яго разрэзаць, то грыб можа быць унутры чарвівы, але заўсёды — цалкам белы.

У Беларусі грыбная ліхаманка! Як не прынесці з лесу атрутны грыб?
Белы грыб — цар сярод грыбоў, з ім цяжка памыліцца / Еўрарадыё

Яго неядомы брат-блізнюк — гарчак, або сатанінскі грыб. Ён выглядае гэтак жа прывабна, але можа мець ярчэйшую шапачку, нават з аранжавым адценнем. Пад ёю — ружаватая ці ліловая, бруднага колеру губка і такая самая мякаць на разрэз, якая яшчэ і гарчыць, калі яе крануць кончыкам языка (гэта не смяротна). Яшчэ яго выдаюць чырванаватыя пражылкі на ножцы, якіх няма ў сапраўднага баравіка.

Таксама цяпер у лясах мора чырвонагаловікаў (падасінавікаў), махавікоў (польскіх грыбоў), падбярозавікаў, маслят. Яны ўсе маюць тыя ж прыкметы ядомага грыба, што і баравік: чыстая жаўтаватая губка пад шапачкай, светлая крэмавага колеру мякаць, якая не мяняе адцення на ружовае на разрэзе.

Увага: губка пад шапачкай у толькі што зрэзанага польскага грыба, асабліва старога, можа крыху пасінець — гэта нармальна! Калі грыб пры гэтым прыемна пахне, а ягоная мякаць не ружавее на паветры — можна браць.

У Беларусі грыбная ліхаманка! Як не прынесці з лесу атрутны грыб?
Паганку часам блытаюць з сыраежкай, і гэта смяротна небяспечная памылка / Еўрарадыё

На краі шапачкі: ідэальна гладкія, роўныя.

Разрэз: неядомыя грыбы маюць не вельмі прыемны пах і амаль заўсёды на паветры мяняюць адценне на бледна-ружовае, фіялетавае.

Не эксперыментуйце з грыбамі апошняга гатунку

Тут маюцца на ўвазе сыраежкі, ваўнянкі, зялёнкі, парасоны, казлякі і гэтак далей. Калі вы недасведчаны грыбнік, лепей іх увогуле не браць. Так надзейней.

Гэтыя грыбы можна есці, але, па-першае, вялікай харчовай каштоўнасці яны не нясуць, па-другое, іх вельмі лёгка пераблытаць з атрутнымі. Напрыклад, нават з бледнай паганкай — а яе яд смяротны.

Самая заўважная яе прыкмета — спаднічка на ножцы, але яна ёсць толькі ў маладых грыбоў. Таксама ножка ў паганкі, як і ў іншых неядомых грыбоў, патаўшчаецца ўнізе і мае нібыта мяшочак. Пад шапачкай паганка мае прыгожыя белыя пласцінкі, якія і падаюцца грыбнікам прывабнымі. А калі яе разламаць, то можа мець крыху непрыемны пах.

Перабярыце грыбы

На выхадзе з лесу яшчэ раз перагледзьце грыбы. Калі яны не падабаюцца вам пахам, колерам — лепш пакіньце іх у лесе. Калі ёсць у каго перапытаць — лепш перапытайце. 

Не спаборнічайце: лепш знайсці два баравікі няхай і за тры гадзіны, чым нарэзаць кошык сыраежак і немаведама якіх грыбоў, сярод якіх могуць быць небяспечныя.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі