ІП не працягнуць час рэалізацыі астаткаў тавараў легпраму

У Беларусі не збіраюцца працягваць пасля 1 сакавіка для індывідуальных прадпрымальнікаў тэрмін распродажу тавараў легпрама, якія не маюць сертыфікацыі паводле тэхрэгламенту Мытнага саюза. Пра гэта паведаміў старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка. Паводле яго слоў, пра гэта стала вядома 13 лютага пасля сустрэчы з кіраўніцтвам дэпартамента па прадпрымальніцтве пры Мінэканомікі і новым намеснікам міністра эканомікі Ірынай Касцевіч, інфармуе БелаПАН.

Нагадаем, з 1 ліпеня 2014-га ў нашай краіне дзейнічае ўказ кіраўніка дзяржавы № 222, які абавязаў індывідуальных прадпрымальнікаў мець сертыфікаты і дакументы на ўсе ўвезеныя ў Беларусь тавары. Праўда, рэшткі тавараў, увезеных да таго, як пачаў дзейнічаць дакумент, дазволілі прадаваць паводле старых правілаў да 1 сакавіка 2015 года. ІП заяўляюць, што не змогуць працаваць згодна з новымі правіламі, бо атрымаць усе неабходныя дакументы ў пастаўшчыкоў (а гэта пераважна расіяне) практычна немагчыма.

Сустрэча ў дэпартаменце па прадпрымальніцтве Мінэканомікі прайшла напярэдадні форуму прадпрымальнікаў, які "Перспектыва" праводзіць у Мінску 16 лютага. Адным з ключавых пытанняў форуму стане абмеркаванне праблемы, якая выклікана згаданым указам.

Паводле слоў Анатоля Шумчанкі, Ірына Касцевіч паведаміла, што пасля разгляду гэтага пытання органы ўлады прыйшлі да рашэння не працягваць для ІП тэрмін распродажу рэштаў тавараў і не ўносіць адпаведныя змены ў прэзідэнцкі ўказ. Паводле яе слоў, прадпрымальнікам трэба навучыцца жыць і працаваць у новых умовах. Але пры гэтым было заяўлена, што чыноўнікі гатовыя ў далейшым весці з прадпрымальнікамі дыялог, сказаў Шумчанка.

БелаПАН нагадвае, што ў канцы студзеня сёлета намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч заяўляла пра магчымасць працягу тэрміну распродажу індывідуальнымі прадпрымальнікамі рэшткаў тавараў легпрама без сертыфікатаў. Паводле яе слоў, ініцыятыва зыходзіла з Міністэрства эканомікі, якое прапанавала тры варыянты пераносу — да 31 снежня 2015 года, да 1 красавіка 2016-га і да поўнага распродажу. На думку Шумчанкі, адмова ад працягу тэрміну рэалізацыі несертыфікаваных рэшткаў сведчыць аб тым, што "ў краіне знайшліся чыноўнікі, якія думаюць, што яны добра кантралююць сітуацыю ў эканоміцы, што яны могуць спакойна выйсці з сённяшняга становішча".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі