У Беларусі можа з'явіцца даменная зона .бел
Перамовы пра гэта ужо вядуцца. Пра гэта на канферэнцыі "Дзелавы інтэрнэт" у Мінску расказаў дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў.
Кірылічны дамен .бел будзе ў свабоднай рэгістрацыі і стане другім афіцыйным беларускім даменам.
Тым часам у зоне .by да канца года зарэгіструюць 100 тысяч даменаў. На сённяшні дзень там зарэгістравана 93 тысячы даменных імёнаў. А штомесяц рэгіструецца па 3100 імёнаў. Сярод абласцей краіны па рэгістрацыі даменаў адстае Магілёўшчына.
Каля 9 тысяч даменаў былі выстаўленыя на дабрачынныя аўкцыёны. Але купілі толькі 1175 даменных імёнаў за агульную суму трохі больш за мільярд рублёў. У сярэднім адзін дамен на аўкцыёне каштаваў 850 тысяч рублёў.
З замежных краінаў больш за ўсіх беларускіх даменаў зарэгістравалі грамадзяне і арганізацыі Расіі — трохі больш за 2 тысячы. Каля 1700 беларускіх даменаў зарэгістравалі ў Нямеччыне. Часткова гэта тлумачыцца тым, што імёны сайта з .by рэгіструюць жыхары Баварыі.
Сярэдняя даўжыня даменаў сёння складае 11 сімвалаў. Дамены з дзвюх літар ужо ўсе раскупленыя.
Фота — Delfi