У Беларусі пачаўся сезон палявання на пушных звяроў

У Беларусі пачаўся сезон палявання на пушных звяроў

Асенне-зімовы сезон палявання на пушныя віды жывёл адкрываецца ў Беларусі з 5 лістапада, паведамілі БЕЛТА ў рэспубліканскім дзяржаўна-грамадскім аб'яднанні "Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў". У гэты перыяд дазволена здабываць зайцоў (русака і беляка), лісіцу, вавёрку, куніц (лясную і каменную), ляснога тхара. Адначасова працягваецца сезон палявання на амерыканскую норку і андатру.

Паляваць можна ў светлы час сутак на жывёл любога полу і ўзросту. Дазволеныя спосабы палявання на зайцоў — ружэйны з падыходу, з засады, загонам, безружэйны. Дапушчальнае прымяненне гладкаствольнай паляўнічай зброі з выкарыстаннем патронаў, забяспечаных шротам, паляўнічых сабак усіх парод.  Таксама дазволенае безружэйнае паляванне з хартамі і лоўчымі птушкамі.

На вавёрку, куніцу (лясную і каменную), амерыканскую норку, андатру, ляснога тхара можна паляваць з прымяненнем ружэйнага спосабу з падыходам, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі, а таксама безружэйнае паляванне.

Дазволеныя прылады палявання — гладкаствольная паляўнічая зброя з выкарыстаннем патронаў, забяспечаных шротам; наразная паляўнічая зброя калібра 5,6 мм; паляўнічая пнеўматычная зброя з дульнай энергіяй болей за 7,5 джоуляў, але не больш за 25 джоуляў; паляўнічыя сабакі (усе пароды, акрамя ганчакоў і хартоў). Пры безружэйным паляванні дазволена выкарыстоўваць капканы №0-3 і пасткі (акрамя петляў).

Асенне-зімовы сезон палявання на пушныя віды жывёл будзе доўжыцца да 29 студзеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі