У Беларусі разбіўся і выбухнуў расійскі дрон-камікадзэ "Шахед"
Дрон "Шахед", ілюстрацыйнае фота
У Беларусі зваліўся і выбухнуў расійскі дрон-камікадзэ "Шахед", паведамляюць адразу некалькі тг-каналаў.
Сайт "Флагшток" піша, што ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці зранку бачылі і чулі пралёт двух расійскіх "Шахедаў". Прыкладна ў раёне вёскі Заазер'е, магчыма, зваліўся і выбухнуў адзін з іх. "Цяпер у раёне шухер, шмат мянтоў, МНС-нікаў і спяцоў. Шукаюць месца падзення", — цытуе выданне сваю крыніцу.
Маніторынгавая група "Беларускі Гаюн" пацвярджае, што ў Акцябрскім раёне разбіўся і выбухнуў дрон, які зайшоў у паветраную прастору Беларусі сёння ў 8:40 раніцы.
"Паводле нашых звестак, шахед упаў паміж г.л. Парычы і а/г. Любань Гомельскай вобласці, што ў 55 км ад горада Бабруйск і ў 120 км ад мяжы з Украінай", — удакладняе "Беларускі Гаюн".
ТГ-канал удакладняе, што дрон выбухнуў падчас падзення. Гэта пацвярджае. што расійскія дроны, якія праходзяць праз Беларусь, не навучальныя ці разведвальныя. Яны маюць боекамплект і прызначаюцца для атакі па тэрыторыі Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.