У Беларусі ў "базу дармаедаў" трапілі 500 тысяч чалавек
У Беларусі ў "базу дармаедаў" (людзей, не занятых у эканоміцы) трапілі каля 500 тысяч чалавек. Пра гэта ў праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. Паводле яе слоў, пазней з'явіцца больш падрабязная інфармацыя, у тым ліку і па абласцях. У базе змешчаны наступныя дадзеныя пра "дармаеда": прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння, ідэнтыфікацыйны нумар і інфармацыя пра месца жыхарства/рэгістрацыі.
Як паведамляла Еўрарадыё, з 1 снежня беларусы атрымалі магчымасць праверыць, ці не трапілі яны ў "базу дармаедаў", размешчаную на Адзіным партале электронных паслуг. Калі ж высветліцца, што нехта трапіў у яе памылкова, трэба будзе звязацца з камісіяй па каардынацыі працы па садзейнічанні занятасці насельніцтва па месцы рэгістрацыі. Ёй трэба прынесці ці даслаць дакументы, якія пацвярджаюць занятасць. Камісія іх разгледзіць і прыме рашэнне аб выключэнні чалавека з базы.
"База дадзеных толькі дазваляе пабачыць, што адбываецца на рынку працы, і прычыны таго, чаму чалавек у працаздольным узросце аказаўся без працы", — кажа міністр. Ірына Касцевіч нагадала, што, у адпаведнасці з дэкрэтам кіраўніка дзяржавы "Аб садзейнічанні занятасці", у лютым 2019-га беларусы атрымаюць жыроўкі, і дармаеды пабачаць, што за той жа падагрэў вады яны заплацяць поўны кошт.