У Беларусі выраслі продажы алкаголю

Віна-гарэлачны аддзел у краме​ / TUT.BY
Віна-гарэлачны аддзел у краме​ / TUT.BY

Раздробны продаж алкаголю ў Беларусі па параўнанні з 2019 годам вырас летась на 2,1%, паведамляе БелаПАН са спасылкай на дадзеныя Белстата.

Трохі змяніліся і густы беларусаў. Адчувальна больш сталі купляць слабаалкагольныя напоі (+21,6% да 2019 года), каньяк і брэндзі (+18,6%). Прыкметна павялічыліся продажы шампанскага і пеністых він (+7,4%), а таксама піва (+4,8%).

Агульны сціплы прырост + 2,1% атрымаўся шмат у чым з-за гарэлкі. Яе па-ранейшаму купляюць часцей за ўсё. Доля гарэлкі ў агульным аб'ёме продажаў алкаголю склала ў 2020 годзе 45,8%, але павялічылася ў параўнанні з 2019 годам усяго на 0,1%.

На другім месцы па аб'ёмах продажаў ідзе піва з доляй у 21,5% , на трэцім — пладовыя віны з доляй у 10,7%. Апошнія, дарэчы, пачалі губляць пакупнікоў. Па выніках 2020 года продажы пладовых вінаў ўпалі на 2,8%.

Агульны рост продажаў алкаголю ў Беларусі эксперты Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю звязваюць з развіццём імпартазамяшчэння і гандлёвай інфраструктуры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі