У Беларусі зарплаты "адвязалі" ад прадукцыйнасці. Што гэта значыць

Беларускія грошы / euroradio.fm
Беларускія грошы / euroradio.fm

Заробкі работнікаў на беларускіх дзяржпрадпрыемствах больш не прывязаныя да прадукцыйнасці працы. Сяргей Румас на тэрмін да 31 снежня адмяніў парадак, які дзейнічаў у Беларусі з 2014 года. Для чаго гэта зроблена і да якіх наступстваў можа прывесці? Разбіраемся разам з аналітыкамі.

Што гэта было

У 2014 годзе на хвалі эканамічнага крызісу Аляксандр Лукашэнка настаяў, каб заробкі на дзяржпрадпрыемствах можна было павышаць, толькі калі расце вытворчасць. "Мне вельмі хацелася б, асабліва ў гэты перыяд, каб у нас зарплата была вышэйшая,казаў ён у наступным, выбарчым 2015 годзе. — Але сітуацыя складваецца, перш за ўсё па аб'ектыўных прычынах, такім чынам, што мы гэту зарплату на высокім узроўні трымаць не можам. Тым больш мы яе жорстка прывязалі да прадукцыйнасці працы. Няма вытворчасці, рэалізацыі або ёсць у малых аб'ёмах — такая і зарплата. Грошы друкаваць мы не будзем. Таму такая склалася сітуацыя".

Перакладаем на чалавечую мову: я абяцаў вам сярэдні заробак — $500. Але "па аб'ектыўных прычынах" і паколькі вы яго не можаце зарабіць ("няма вытворчасці, рэалізацыі"), цяпер заробкі ніжэйшыя — "такая склалася сітуацыя".

Першапачатковая думка пра прывязку заробкаў на дзяржпрадпрыемствах да прадукцыйнасці працы — у прынцыпе, разумная, мяркуе старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб:

В Беларуси зарплаты “отвязали” от производительности. Что это значит

"Што такое прадукцыйнасць працы? Груба кажучы, гэта выпрацоўка на аднаго чалавека. Калі чалавек больш вырабляе і больш прадае, то можна і трэба падымаць заробкі.

З іншага боку, калі прадпрыемства не стала лепш працаваць, не стала больш вырабляць, а пры гэтым растуць заробкі (і калі так адбываецца не на адным прадпрыемстве, а ў цэлым па краіне), то атрымліваецца, што даходы насельніцтва растуць хутчэй, чым расце эканоміка, і ў людзей на руках з'яўляюцца "лішнія грошы". Эканоміка лепш не спрацавала, а грошай стала больш. А "лішнія грошы" прыводзяць да разгону інфляцыі і да росту курса замежных валют".

На 2020 год у Беларусі таксама намечаны прэзідэнцкія выбары. Але ўрад выбірае супрацьлеглае эканамічнае рашэнне — адвязаць зарплаты ад прадукцыйнасці працы. Чаму?

Каб у два разы не ўпалі зарплаты

На думку Іосуба, адвязаць заробкі ад прадукцыйнасці працы да канца 2020 года — гэта часовае антыкрызіснае рашэнне, звязанае з сітуацыяй у эканоміцы з-за пандэміі COVID-19.

"Цяпер цалкам імаверна, што частка прадпрыемстваў рэзка скароціць вытворчасць. Другая частка можа і будзе вырабляць у ранейшых аб'ёмах, але не зможа знайсці збыт, таму што ўпаў унутраны попыт і попыт з боку гандлёвых партнёраў. У гэтых умовах ніхто не спрачаецца, што трэба нейкім чынам падтрымліваць нават не самі прадпрыемствы, а насельніцтва. Гэты пункт адменены для таго, каб, напрыклад, калі вытворчасць на прадпрыемствах паменшыцца ў два разы і ў два разы ўпадуць продажы, праз яго ў два разы не ўпалі зарплаты".


Дзяржава сваіх не кіне, дапаўняе незалежны аналітык Сяргей Чалы.

В Беларуси зарплаты “отвязали” от производительности. Что это значит

“Буйных дзяржпрадпрыемстваў у нас каля ста. Гэта не так шмат — іх можна адміністраваць. Гэта ж не малы і сярэдні бізнес, якіх дзясяткі тысяч. "Госаў" будуць ратаваць першымі. Але праблема ў малым і сярэднім бізнесе, у якіх няма ні грошай, ні інфраструктуры.

А з "госамі" нічога страшнага не будзе. Магчыма, многім дапамагаць якраз-такі і не варта было. Ніхто не ведае, хто з іх у доўгатэрміновай перспектыве будзе эфектыўны і хто варты выжывання. А цяпер гэтае пытанне адклалі".

Захаваць заробкі ў дзяржсектары на дакрызісным узроўні — зразумелы намер у выбарчы год. Але адкуль будуць браць сродкі на гэта кіраўнікі прадпрыемстваў, чыя вытворчасць скароціцца або зусім прыпыніцца?

"Ва ўмовах зніжанага попыту на прадукцыю можа быць тактыка, напрыклад, захаваць вытворчасць любой цаной і "працаваць на склад". Гэта самазабойчая тактыка, — разважае Іосуб. — З іншага боку, можна прыняць свядомае рашэнне пра скарачэнне вытворчасці. Вядома, будзе менш выручкі, але будзе менш і выдаткаў на камплектуючыя, сыравіну і гэтак далей. А вызваленыя сродкі можна накіраваць на заробкі. Тэарэтычна ў нейкіх буйных дзяржпрадпрыемстваў будзе магчымасць крэдытавацца, у тым ліку і для выплат заробкаў".

"Крамкі" ўбаку

Залежнасць заробкаў ад прадукцыйнасці працы не датычылася прыватнага бізнесу. Але ці змогуць прадпрымальнікі забяспечыць сабе і сваім супрацоўнікам дакрызісны ўзровень даходаў? І ці дапаможа ім у гэтым урад?

Пра падрыхтоўку пакета прапаноў па падтрымцы бізнесу прэм'ер-міністр Сяргей Румас гаварыў амаль месяц таму. Аднак канкрэтных захадаў да гэтага часу не агучана.

А вось некаторыя спойлеры на мінулым тыдні можна было пачуць ад Лукашэнкі ў ходзе яго рабочай паездкі па Гродзенскай вобласці. Ён расказаў, што падтрымку з дзяржбюджэту будуць размяркоўваць па прадпрыемствах кіраўнікі абласцей.

"Усе грошы, якія будуць у рэспубліканскім бюджэце, мной ужо прынята рашэнне жалезнае, мы аддадзім на месцы", — сказаў Лукашэнка. І дадаў, што "крамкі", супрацоўнікі якіх не знайшлі спосабу "пераседзець на іншай працы два-тры месяцы", грошай з бюджэту не атрымаюць: "Што мы, крамку будзем падтрымліваць? Ды нам "Белавія" трэба падтрымаць, яны ж не могуць лятаць, калі аэрапорты закрытыя".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі