У Беларусі збіраюцца стварыць Савет па біялагічнай бяспецы
"Спрабаваць прадбачыць усе магчымыя рызыкі" / Ілюстрацыйнае фота cherven.by
У Беларусі збіраюцца стварыць Савет па біялагічнай бяспецы пры Саўміне. Пра гэта ў сераду паведаміў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. Паводле яго слоў, урад атрымаў адпаведную прапанову.
"Нам трэба быць дальнабачнымі, спрабаваць прадбачыць усе магчымыя рызыкі, — кажа Галоўчанка. — Таму ёсць прапанова, якая ініцыяваная Віцебскім аблвыканкамам і Міністэрствам аховы здароўя, па павышэнні эфектыўнасці каардынацыі дзейнасці ў гэтай сферы".
Стан біялагічнай бяспекі ў Беларусі ацэньваецца "як стабільны па ўсіх складнікам". "Разам з тым нельга самазаспакойвацца і мінімізаваць гэтую праблему", — адзначыў прэм'ер.
Раман Галоўчанка нагадаў, што за апошняе дзесяцігоддзе "назіраецца інтэнсіўнае распаўсюджванне шэрагу небяспечных інфекцыйных захворванняў сярод людзей і жывёл". Ён згадаў і "ўспышкі цяжкіх рэспіраторных захворванняў", і "пандэмію COVID-19, якую мы ўсе перажылі".
"Мы бачым, што цяпер адбываюцца ўспышкі быццам бы даўно пераможаных хвароб чалавека і жывёл, нарастае праблема распаўсюджвання мікраарганізмаў, якія ўстойлівыя да лячэння антыбіётыкамі", — цытуе словы Галоўчанкі яго прэс-служба.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.