У Беларусі з'явілася яшчэ два Слуцкія паясы і чатыры дакладныя копіі (фота)
Еўрарадыё паспрабавала падлічыць, колькі цяпер сапраўдных слуцкіх паясоў у беларускіх музеях, і як яны выглядаюць.
За год у Беларусі з'явіліся два новыя Слуцкія паясы. Адзін з іх набыў у прыватнай асобы абласны музей у Маладзечне, другі за 90 тысяч долараў — музей у Слуцку, яго ўжо можна ўбачыць. Маладзечанскі пояс пакуль не выставілі.
"Мы яго не выстаўлялі яшчэ, бо ён праходзіць навуковую апрацоўку. Пояс зроблены за часамі Яна Маджарскага", — тлумачаць Еўрарадыё ў музеі.
На прадпрыемстве "Слуцкія паясы" запрацаваў станок, на якім выткалі ўжо 4 паясы, дакладныя копіі сапраўднага, такія што не адрозніш. Цяпер рыхтуецца выраб копій яшчэ аднаго.
"Заканчваем ужо другі пояс. На наступным тыдні апрацуем, сфатаграфуем і здымкі можна будзе ўбачыць", — кажа Ларыса Тарасава, дырэктар прадпрыемства.
Еўрарадыё паспрабавала падлічыць, колькі цяпер сапраўдных слуцкіх паясоў у беларускіх музеях, бо даведацца, колькі іх у прыватных калекцыях, немагчыма. Але і гэта аказалася задачай няпростай.
Справа ў тым, што лічыць Слуцкім поясам. У тыя часы нашы паясы былі настолькі папулярным аксесуарам, што на іх рабілі "падробкі" у Польшчы і Францыі.
У беларускіх музеях шмат паясоў, якія захаваліся не цалкам. Сапраўдныя цэлыя Слуцкія паясы можна пералічыць на пальцах.
"Пытанне ў тым, як лічыць. У музеях ёсць частка пояса, палова пояса. Калі цэлы зроблены ў Слуцку, тады ў нас іх два ці тры. Мы толькі пачынаем работу над тым, каб стварыць зводны каталог і ў тым ліку, прыступаем да апрацоўкі нашых музейных фондаў. Але гэта толькі пачынаецца, літаральна ўчора вялі размову з дырэкцыяй", — распавядае Барыс Лазука, дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук.
Але дакладную колькасць назваць не возьмецца ніхто. Навукоўцы плануюць скласці поўны спіс да лета. Пакуль жа можна сказаць, што ў беларускіх музеях ёсць 7 цэлых Слуцкіх паясоў, 5 копій і каля двух дзясяткаў фрагментаў.
Пояс двухбаковы чатырохвонкавы, Слуцк, 1762-1780. Шоўк, срэбраная і залатная нітка. Слуцкі краязнаўчы музей.
Пояс двухбаковы двухвонкавы, Слуцк, 1760-1776. Каляровы шоўк, залатная і срэбраная ніткі. Сшыты з 9 фрагментаў. Прывезены з Масквы у 1968, да 1905 захоўваўся ў музеі Шчукіна. Мінскі абласны краязнаўчы музей.
Няма фота.
Пояс, Слуцк. Залатная нітка, шоўк. Набылі ў прыватнага калекцыянера. Мінскі абласны краязнаўчы музей.
Пояс двухбаковы, чатырохвонкавы, Слуцк, 1760-1776. Каляровы шоўк, залатная нітка. Складзены з двух фрагментаў аднаго пояса. Ён быў разрэзаны і ўшыты ў літургічнае адзенне. Знайшлі ў касцёле Святой Тройцы у Глыбокім у 1984 годзе. Музей старажытнабеларускай культуры.
Пояс двухбаковы, чатырохвонкавы, літы, Слуцк, 1760-1776. Каляровы шоўк, залатная і срэбраная ніткі. Рэстаўраваны ў 1993 годзе ў Расіі. Набылі яго ў прыватнай асобы ў 1986 годзе. Літаратурны музей Максіма Багдановіча.
Пояс аднабаковы, Слуцк, 1776-1780. Каляровы шоўк, залатная нітка, залатныя махры. У кутах меткі: IOANNES/MADZARSKI MEFECIT/SLUCIAE (зроблена ў Слуцку). Да 1888 года пояс належаў Васілю Тарноўскаму, памешчыку з маёнтка Качанаўка на Чарнігаўшчыне, у 1961 годзе яго перадалі з Чарнігаўскага дзяржаўнага гістарычнага музея. Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі.
Пояс аднабаковы двухвонкавы літы, Слуцк, 1780-1807. Каляровы шоўк, залатная і срэбраная ніткі, залатныя махры. Знойдзены ў Мазыры падчас земляных прац, належаў шляхціцу, мазырскаму старасце Лінькевічу, які памёр у 1837 годзе. Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі.
Пояс слуцкага тыпу двухбаковы чатырохвонкавы, зроблены на мануфактуры ў Кабылках (Варшава, Польшча), другая палова XVIII стагоддзя. Каляровы шоўк, срэбраная нітка, шаўковыя махры. Падараваны Польшчай у 1956 годзе. Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі.
Пояс слуцкага тыпу аднабаковы двухвонкавы. Майстэрня Якуба Пасхаліса у Ліпкаве (Польшча), канец XVIII стагоддзя. Набыты ў прыватнай асобы ў Гродна ў 1994 годзе. Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-архелагічны музей.
Пояс слуцкага тыпу аднабаковы двухвонкавы, Ліён, другая палова XVIII. Каляровы шоўк, залатная нітка, залатныя махры. Падараваны Анджэем Цеханавецкім (Лондан) у 1989 годзе. Музей старажытнабеларускай культуры.
Пояс аднабаковы двухвонкавы, Ліён, другая палова XVIII стагоддзя. Каляровы шоўк, залатныя махры. З даваенных збораў, прывезены з Германіі пасля вайны. Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі.
Няма фота.
Пояс слуцкага тыпу аднабаковы двухвонкавы. Дзе выраблены, невядома, канец XVIII. Каляровы шоўк, шаўковыя махры. З даваенных збораў, прывезены з Германіі пасля вайны. Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі.