У Беларусі з'явіўся "Вялікі брат 2", і ён таксама з Расіі

sobaka.ru
sobaka.ru

Мінскае абласное ўпраўленне Дэпартамента аховы пачало выкарыстоўваць сістэму распазнавання твараў і аўтамабільных нумароў, распрацаваную расійскай кампаніяй Macroscop. Пакуль што яе тэстуюць толькі на адным аб'екце.

Беларуская міліцыя ўжо карыстаецца падобнай сістэмай — Kipod. Яна распрацавана расійскай кампаніяй Synesis, і ў цяперашні момант да яе падключана каля 100 камер на мінскіх вакзалах і ў метро. Навошта Беларусі спатрэбіўся другі "Вялікі Брат", у якога таксама расійскія карані? І хто заплаціць за гэты банкет з відэаназіраннем?

Спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Macroscop Аляксандр Ярэнка пацвярджае Еўрарадыё: кампанія працуе з беларускай міліцыяй.

"Сапраўды, цяпер ідзе пілотны праект, па выніках якога досвед будзе маштабавацца на іншыя аддзяленні. Ён запушчаны ў Мінскім абласным упраўленні [МУС. — Еўрарадыё]. Ці будзе ён запушчаны ў далейшым у іншых абласцях або не, вырашаць ужо кіраўніцтву МУС Рэспублікі Беларусь".

Калі праекту ўсё ж такі будзе дадзена "зялёнае святло", то якія будуць тарыфы для арганізацый, за бяспекай якіх будзе сачыць сістэма? Па словах Ярэнкі, гэта будуць вызначаць беларускія партнёры.   

"Мы аказваем паслугу. Ліцэнзія набываецца на ўмовах пажыццёвага набыцця. Няма ніякіх абаненцкіх плат, падпісак, менавіта таму многія дзяржаўныя органы і выбіраюць Macroscop. Праграмнае забеспячэнне ўсталёўваецца і выкарыстоўваецца па меркаванні карыстальніка. А вось мы ўжо не будзем мець доступу ні да звестак, ні да ўнутраных змен. Абнаўленні таксама будуць бясплатныя". 

З 2019 года беларуская міліцыя ўжо выкарыстоўвае падобную сістэму распазнавання твараў — воблачную платформу Kipod ад расійскага IT-гіганта Synesis. Тэхнічным аператарам выступае дачка "Сінэзіс" — "24х7 Паноптэс". Але, па словах начальніка ўпраўлення аховы правапарадку МУС Аляксандра Жылінскага, уласнікі аб'ектаў не спяшаюцца падключацца да сістэмы якраз праз высокія тарыфы на паслугі аператара. Апрацоўка і захоўванне інфармацыі з адной камеры абыходзіцца ўладальніку памяшкання ў эквіваленце ў 50 долараў у месяц. 

Ці ў курсе кампанія Macroscop, што беларускія праваахоўнікі ўжо карыстаюцца падобнай распрацоўкай, але ад іншай расійскай кампаніі?

"Я чуў, што недзе яна выкарыстоўваецца, але ці будзе яна выкарыстоўвацца ў далейшым, мне не вядома", — кажа пра сістэму канкурэнтаў Аляксандр Ярэнка.

Цікава, што з навіны пра запуск сістэмы ў Беларусі, размешчанай на сайце кампаніі, праз некалькі гадзін знік каментар начальніка аддзела сродкаў і сістэм аховы Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы Вадзіма Вазнясенскага. Ён гаварыў пра тое, што па выніках пілотнага праекта мінская міліцыя плануе перанесці яго досвед на 24 аддзяленні: у Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях.

Сістэмным інтэгратарам ПЗ ад Macroscop у Беларусі пазначана беларуская кампанія On/off store. Аднак на просьбу Еўрарадыё пракаментаваць навіну ў кампаніі адмовілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі