У Бельгіі арыштавалі яшчэ шэсць чалавек па справе аб тэрактах

У Бельгіі арыштавалі яшчэ шэсць чалавек па справе аб тэрактах

Бельгійская паліцыя ў чацвер увечары арыштавала шэсць чалавек па справе аб выбухах у Бруселі, паведамляе ВВС са спасылкай на федэральную пракуратуру краіны. Падчас рэйду паліцыянты прачэсвалі дом за домам у брусельскім раёне Шэрбэк. Спецаперацыя прайшла таксама ў цэнтральнай частцы бельгійскай сталіцы і ў раёне Етэ.

Паведамляецца, што траіх падазраваных затрымалі ля ўваходу ў федэральную пракуратуру ў цэнтры Бруселя. Імёны арыштаваных і ступень іх спрычыненасці да тэрактаў пакуль не называюцца.

Раней бельгійскія праваахоўнікі ідэнтыфікавалі асобы дваіх удзельнікаў нападаў у Бруселі — гэта браты Халід і Брахім Бакраўі. Яны былі смяротнікамі і падарвалі сябе ў аэрапорце. Затрыманы меркаваны саўдзельнік тэракту, Наджым Лаашраўі. Лічыцца, што ён таксама мае дачыненне да парыжскіх тэрактаў, якія здарыліся ў лістападзе мінулага года. Яшчэ адзін магчымы ўдзельнік тэракту ў аэрапорце Бруселя цяпер ва ўцёках.

Тым часам у Францыі паліцыя арыштавала чалавека, якога падазраюць у падрыхтоўцы новага тэрарыстычнага нападу, аднак пакуль не выяўлена сувязі паміж ім і атакамі ў Парыжы і Бруселі.

У бельгійскай сталіцы бліжэйшымі днямі паступова адчыняцца станцыі метро, у якіх будуць дзяжурыць узмоцненыя нарады паліцыі. Міжнарожны аэрапорт “Завентэм” адновіць працу не раней за 28 сакавіка. 

У выніку трох выбухаў у Бруселі 22 сакавіка загінуў 31 чалавек, раненні рознай ступені цяжкасці атрымалі каля 300. Сярод пацярпелых — грамадзяне 40 дзяржаваў, у тым ліку трое грамадзян Беларусі.

Дзясяткі чалавек застаюцца ў лякарнях, многія з іх у крытычным стане.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі