У "Белмытсэрвісе" збіраюць звесткі пра сваякоў работнікаў за мяжой

"Белмытсэрвіс"

"Белмытсэрвіс" / фота з сайта кампаніі

Кіраўніцтва "Белмытсэрвісу" збірае ў супрацоўнікаў звесткі пра іх сваякоў, якія знаходзяцца за мяжой. Работнікам раздаюць інструкцыі, як пазбегнуць "правакацый".

Як піша "Зеркало", спачатку работнікам кампаніі раздалі ўзоры заявы, у якой трэба падрабязна расказаць, хто з родных жыве за мяжой (у тым ліку сваякі мужа ці жонкі). Пазначыць трэба імёны, краіну і горад пражывання, месца працы і кантактныя звесткі.

Потым работнікам прынеслі на падпісанне іншы дакумент. У ім гаворыцца, што большасць краін, якія ўваходзяць у NATO, "нарошчваюць недружалюбныя стасункі на адрас беларускай дзяржавы і яе грамадзян". Таксама ў дакуменце адзначаецца, што спецслужбы гэтых краін збіраюць інфармацыю, якая "можа быць выкарыстана для прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь".

"З улікам наяўнасці ў мяне роднасных сувязяў з тымі, хто ўвесь час пражывае за мяжой, я і мае блізкія могуць з'яўляцца патэнцыйнымі аб'ектамі зацікаўленасці праваахоўных органаў і спецыяльных службаў", — гаворыцца ў дакуменце, які павінен падпісаць работнік "Белмытсэрвісу".

Потым ідзе інструкцыя, як пазбегнуць "правакацый". Па-першае, "праяўляць пільнасць". У нестандартнай сітуацыі супрацоўнік павінен звярнуцца да кіраўніцтва "Белмытсэрвісу" і ўпраўлення бяспекі прадпрыемства.

Па-другое, пры паездцы за мяжу чалавек абавязаны не кантактаваць "з незнаёмымі людзьмі, якія прапануюць свае паслугі, калі такія паслугі не абумоўленыя аб'ектыўнай бытавой або службовай неабходнасцю".

Падобныя інструкцыі выкарыстоўваліся ў савецкія часы, калі грамадзян СССР палохалі заходнімі спецслужбамі ў эпоху "халоднай вайны".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.