У бліжэйшыя дні ў Беларусі будзе да -12 градусаў
У Беларусі паступова ўстанаўліваецца зімовае надвор'е. У аўторак, 20 лістапада, на працягу сутак чакаецца ад -3 да +3 градусаў. Уначы месцамі прагназуецца мокры снег, удзень — пераважна без ападкаў. На некаторых участках дарог магчымая галалёдзіца.
У сераду, 21 лістапада, у асноўным без ападкаў (мокры снег магчымы раніцай і ўдзень у Віцебскай вобласці). У начныя гадзіны тэмпература паветра складзе ад -3 да -9 градусаў (пры праясненнях — да мінус 12), у дзённыя гадзіны — ад -3 да +3.
У чацвер таксама не будзе істотных ападкаў. На некаторых участках дарог захаваецца галалёдзіца. Уначы чакаецца ад -3 да -9 градусаў (пры праясненнях — да мінус 12), удзень — ад -3 да +2, інфармуе "Беларусь сегодня" са спасылкай на Белгідрамет.