У BMW, якая пратараніла картэж, ехалі двое маленькіх дзяцей (фота, відэа)

У чацвер 9 ліпеня вырашыцца пытанне наконт меры стрымання для 23-гадовай Ганны В., якая 5 ліпеня сутыкнулася з картэжам спецмашын. А пакуль з дзяўчынай не могуць паразмаўляць ні яе мама, ні сёстры, ні 4-гадовы сын Ілля. У бальніцы ў яе канфіскавалі мабільны тэлефон.

Нагадаем, што аварыя здарылася ўвечары пад вёскай Александрыя. Здарэнне стала рэзанансным, бо, паводле непацверджанай інфармацыі, Ганна В. сутыкнулася з мікрааўтобусам службы аховы прэзідэнта. Двое супрацоўнікаў — у цяжкім стане.

З'явіліся здымкі BMW пасля сутыкнення

Дзяўчына ехала са сваякамі на возера. Відэарэгістратар службовага мікрааўтобуса “Мэрсэдэс” зафіксаваў момант аварыі. На відэа бачна, што легкавік вылецеў на сустрэчную паласу сапраўды раптоўна. У выніку сутыкнення ніхто з пасажыраў “БМВ” па-сапраўднаму моцна не пацярпеў. А вось мікрааўтобус са спецлужбоўцамі некалькі разоў перакуліўся.

Муж Ганны В.: “Прама ў палаце яе ўзялі пад арышт на 72 гадзіны”

Ганна В. жыве ў Шклоўскім раёне, працуе майстрам на адным з харчовых прадпрыемстваў. Дзяўчына — спецыяліст у галіне мяса-малочнай вытворчасці. Вось-вось яна збіралася адзначаць з мужам 5 гадоў сумеснага жыцця.

Правы Ганна атрымала менш за два гады таму. Пасля сутыкнення з мікрааўтобусам яе таксама даставілі ў бальніцу.

“Жонка адчувае сябе добра за выключэннем таго, што яна пад арыштам. Былі ўдары грудной клеткі і ўдары рук. Прама ў палаце яе ўзялі пад арышт на 72 гадзіны. У чацвер 9-га ліпеня будзе вырашацца, куды яна трапіць — у СІЗА ці пад дамашні арышт”, — дзеліцца з Еўрарадыё небагатай інфармацыяй муж Ганны В. Міхаіл. Увага з боку Следчага камітэта такая, што лішняга ён пра здарэнне казаць не хоча.

Марыя Іванаўна, маці Ганны В., заплакала, калі згадала пра здарэнне пад Александрыяй:

“Аказваецца, у той машыне абодва ўнукі мае былі, абодва зяці, абедзве дачкі! Як іх собіла трапіць у аварыю — не разумею. Дзякаваць Богу, што жывыя, што ехалі з нізкай хуткасцю і што машына надзейная была”.

Чаму “БМВ” пратараніла мікрааўтобус

Калі глядзіш відэа аварыі, увогуле незразумела, з-за чаго легкавік з Ганнай і яе блізкімі выехаў на сустрэчную паласу. Ад крыніцы, якая мае дачыненне да абставінаў аварыі, Еўрарадыё даведалася пра тое, што пасажыры “БМВ”патлумачылі праваахоўнікам. Яны падзяліліся назіраннямі, што “картэж нёсся на вялікай хуткасці”. З-за гэтага нюансу і  пылу, паднятага пярэднімі аўтамабілямі, своечасова заўважыць мікрааўтобус Ганна не змагла. Калі ж затармазіла, адно з колаў трапіла на пясок, і “БМВ” занесла прама пад мікрааўтобус.

“Не магу вам паведаміць усіх падрабязнасцяў аварыі, бо баюся нешта перакруціць. Ведаю толькі, што Ганна — дзяўчынка акуратная, дысцыплінаваная, адказная. Да таго ж, у машыне былі дзеці. Таму чалавечы фактар з яе боку — гэта наўрад ці. Мяркую, гэта магло здарыцца з-за дрэннай дарогі і дрэннага агляду…” — лічыць Святлана, родная сястра Ганны.

З якой хуткасцю рухаўся картэж

Еўрарадыё вывучыла трасу, на якой адбылося здарэнне, і знайшло на гугл-картах месца аварыі ў 5 кіламетрах ад Александрыі.

За секунды да сутыкнення кіроўца “БМВ” толькі-толькі пераадолела горку. І тут жа ўбачыла перад сабой спыненыя на абочыне аўтамабілі і картэж. Па інфармацыі відавочцаў, спецмашыны маглі ехаць хутчэй за дазволеныя на той дарозе 90 км/г.

Пункт 25 главы 6 Правілаў дарожнага руху дазваляе кіроўцам транспартных сродкаў аператыўнага прызначэння перавышаць хуткасць пры ўмове, што арганізаваная бяспека дарожнага руху, а на машыне ўключаныя сінія ці сінія і чырвоныя маячкі.

Спрабуем высветліць, з якой хуткасцю ўсё ж рухаўся мікрааўтобус “Мэрсэдэс”.

Падлікі

Вядома, што картэж ехаў з Александрыі ў бок Оршы па трасе Р-76. Калі мы параўналі відэа аварыі са здымкамі трасы з космасу, атрымалася знайсці прыблізнае месца здарэння. На відэа бачна, што злева ад трасы расце некалькі дрэў, справа — "жоўтае" поле, далей злева — невялічкі лясок і лес далёка наперадзе. Таксама справа бачым дарожны знак.

На ўсёй трасе ёсць толькі адно падобнае месца. На яшчэ адным відэа з інтэрнэта, дзе зняты кавалак гэтай трасы, таксама без праблем і сумневаў распазнаем тое самае месца.

Ад пачатку запісу, які апублікаваў Следчы камітэт, да непасрэднага сутыкнення мікрааўтобус з картэжу праехаў 7 аднолькавых белых раздзяляльных палос. Згодна з мапамі Гугла, гэта прыблізна 81 метр.

Запіс відэарэгістратара "Мэрсэдэса", апублікаваны Следчым камітэтам, запаволены, але там ёсць таймкод. Згодна з ім, рэальная секунда на відэа займае 4 секунды ў рэчаіснасці. На відэа да сутыкнення праходзіць прыблізна 9 секунд, а гэта значыць, што рэальна прайшло ўсяго 2,25 секунды.

Мікрааўтобус з картэжу за гэтыя 2,25 секунды праехаў каля 81 метра. Гэта прыблізныя падлікі, але атрымліваецца, што хуткасць "Мэрсэдэса" магла дасягаць — 129,6 км/г.

Адзначым, што праз 170 метраў ад месца аварыі знаходзіцца пешаходны пераход, прыпынак і скрыжаванне. На хуткасці 130 км/г аўтамабіль праязджае такую адлегласць усяго за 5 секунд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі