У Брэсце дуэт вулічных музыкаў папаўся на гандлі спайсамі (фота)
Апроч скрыпкі і гітары хлопцы таксама мелі электронныя вагі, на якіх адмяралі дозу для сваіх пакупнікоў.
Супрацоўнікі наркакантролю Ленінскага РАУС Брэста затрымалі дваіх вулічных музыкаў, якія спалучалі канцэртную дзейнасць з гандлем спайсамі. Хлопцы выступалі каля бара “Візіт” на вуліцы Савецкай, калі іх арыштавалі. Падчас персанальнага дагляду ў іх адабралі псіхатропныя рэчывы, а таксама электронныя вагі. Маладыя людзі, як высветлілася, і самі спажывалі дурман.
Дуэт скрыпача і гітарыста займаўся продажам спайсаў з лютага і працавалі па вельмі простай схеме: музыкі звярталі ўвагу на памер купюраў, якія ім у капялюш кідалі мінакі. Калі яна была значнай, то проста на месцы адбывалася ўзважванне дозы. У сярэднім доза спайсу каштавала 250 тысяч рублёў.
На аднаго з музыкаў завялі крымінальную справу, паводле якой прадугледжваецца пазбаўленне волі тэрмінам да 15 гадоў. Іншага правяраюць на прыналежнасць да збыту рэчыва, паведамляе прэс-служба Брэсцкай абласной міліцыі.
Фота: uvd.brest.by