У Брэсце пачаўся суд над жанчынай, якая спрабавала атруціць мужа

У Брэсце пачаўся суд над жанчынай, якую вінавацяць адразу па чатырох артыкулах крымінальнага кодэксу. Гэта замах на забойства, наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, замах на забойства пры абцяжваючых абставінах і падрыхтоўка да разбою групай асобаў.

48-гадовую жанчыну злавілі "на гарачым" у верасні 2014 года. Падчас сямейнага пікніка яна падсыпала мужу ў ежу атруту. Што праўда, "смяротным" дадаткам апынулася бяскрыўдная сумесь. Яе перадаў жанчыне "кілер", які, у сваю чаргу, апынуўся праваахоўнікам.

Паводле следства, матыў забойства — жаданне падазраванай завалодаць нерухомасцю мужа: кватэрай ў Брэсце і прыватным домам у Брэсцкім раёне. Мяркуецца, што раней жанчына ўжо спрабавала ўласнаручна забіць свайго мужа. У 2008-м годзе яна ўдарыла яго нажом у раён сэрца, у 2012-м — у жывот.

Працэс мусіў пачацца яшчэ 8 красавіка, але яго перанеслі на наступны дзень, бо ў суд не прыйшоў пацярпелы. 9 красавіка мужчына зноў не прыйшоў, таму суддзя прыняла рашэнне пачаць разгляд справы без яго.

Дзяржаўны абвінаваўца распавёў некаторыя падрабязнасці справы. Напрыклад, тое, што жанчына прапанавала забіць свайго мужа не менш чым тром мужчынам. Праўда, усе яны ад ролі кілера адмаўляліся. Вядома, што аднаму з іх абвінавачаная прапанавала за "працу" 2 тысячы долараў.

Працяг судовага паседжання прызначаны на 10 красавіка. Паводле інфармацыі работнікаў суда, праваахоўнікі знайшлі пацярпелага і ў гэты дзень ён усё ж такі выступіць для дачы сведчанняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі