У Брэсце пачаўся закрыты суд над адным з фігурантаў "справы Аўтуховіча"
12 траўня ў Брэсце пачаўся закрыты суд над адным з фігурантаў "справы Аўтуховіча" Уладзімірам Гундарам. 60-гадовага інваліда 2-й групы (у яго ампутаваная нага), грамадскага актывіста і краязнаўцу з Баранавічаў судзяць за "гвалт або пагрозу гвалту да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі", паведамляе Радыё Свабода.
Справу разглядае суд Маскоўскага раёна Брэста. Сваякоў на яго не пусцілі. Вядома, што Гундара затрымалі 30 снежня 2020 года. Яму выставілі абвінавачванне па артыкуле "Акт тэрарызму". У прапагандысцкіх фільмах, паказаных на дзяржаўных тэлеканалах, паведамлялася, што ён кантактаваў з Мікалаем Аўтуховічам. У лютым 2021-га КДБ уключыў Аўтуховіча і яшчэ 16 чалавек у тэрарыстычны спіс. Там ёсць і прозвішча Гундара.
Пакуль расследаванне па "справе Аўтуховіча" працягваецца, жыхара Баранавічаў пачалі судзіць па іншай справе. Нібыта падчас ператрусу Гундар пагражаў следчым і разбіў свой мабільны тэлефон. Яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі. Сваёй віны Уладзімір Гундар не прызнае. У Брэсцкае СІЗА № 7 яго перавялі з мінскага СІЗА КДБ у красавіку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.