У Брэсце спрабуюць узаконіць "Месца для пацалункаў" (фота)
У Брэсцкай ДАІ ўзніклі пытанні да жартаўлівага дарожнага знака "Месца для пацалункаў", усталяванага напярэдадні Дня святога Валянціна. Яго ўсталявалі каля свайго офісу супрацоўнікі агенцтва "Бюро святаў".
Шыльда, якая вельмі нагадвае дарожны інфармацыйны знак, прыцягнула ўвагу даішнікаў. У СМІ навіна пра з'яўленне знаку адразу суправаджалася рэмаркай, што Дзяржаўтаінспекцыя абяцала праверыць законнасць яго ўсталявання.
Дырэктар святочнага агенцтва Сяргей Вінакураў распавёў Еўрарадыё, што больш чым за тыдзень ДАІ з ім так і не звязалася. Знак прыбіраць не сталі, але кіраўніцтва агенцтва прыняла рашэнне ўсё ж такі паспрабаваць яго "легалізаваць".
Вінакураў: "Ёсць такая служба АТІ — адміністратыўна-тэхнічная інспекцыя. Вось туды і падаецца заяўка на размяшчэнне сродкаў вонкавай рэкламы. Гэта (знак "Месца для пацалункаў" — Еўрарадыё) мы класіфікуем менавіта як сродак вонкавай рэкламы. Заяўку мы ў гэту службу падалі, зараз ідзе працэс узгаднення з усімі інстанцыямі. На якім ён зараз этапе, я пакуль, на жаль, не ведаю".
"Бюро святаў" належыць ідэя ўсталявання помніка "каханку". Манекен, які вылазіць з акна офісу агенцтва, з'явіўся год таму. Інсталяцыю не ацанілі супрацоўнікі міліцыі і камунальных службаў. Гумарыстычны арт-аб'ект яны загадалі зняць. Змаганне з каханкам зайшло настолькі далёка, што яго лёс давялося вырашаць кіраўніку Брэсцкага гарвыканкама Аляксандру Рагачуку. “Помнік” у рэшце рэшт застаўся на сваім месцы.