У Брэсце спрасцілася працэдура заяўкі на правядзенне масавага мерапрыемства

Сёлета кіраўніцтва горада ўнесла змены ў працэдуру запыту на правядзенне масавага мерапрыемства. Брэсцкія праваабаронцы лічаць гэта дасягненне вынікам сваіх абскарджанняў цягам 2013 года. Па словах праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, зараз у Брэсце не абавязкова заключаць дамову з міліцыяй, калі арганізатары абавязуюцца самастойна забяспечыць правапарадак.

Вялічкін: “Іншая справа, што засталіся яшчэ 2 установы, з якімі ахвотныя правесці мерапрыемства мусяць заключыць дамову ў Брэсце. Гэта – цэнтральная бальніца “хуткай дапамогі” і, калі справа тычыцца Парку Воінаў-Iнтэрнацыяналістаў, з дырэкцыяй Парку культуры і адпачынку”.

Праваабаронца кажа, што працэдура запыту сапраўды спрасцілася, аднак чыноўнікі ўсё роўна знаходзяць сродкі, каб не дазваляць непажаданыя акцыі. Пры падачы заяўкі на пікет, мэта якога прыцягнуць увагу да палітвязняў у Беларусі, Уладзімір Вялічкін сутыкнуўся з абсурднай  сітуацыяй.

"Я выканаў патрабаванні беларускага заканадаўства: падаў заяўку, далучыў дамову з медыкамі, але не змог далучыць дамову са спадаром Шыгельскім - дырэктарам парку. Ён адмовіўся гэта рабіць і напісаў на маёй заяве: "Падрыхтаваць дамову пасля дазволу на яго правядзенне гарадскім выканаўчым камітэтам", - расказвае праваабаронца.

Адказ дырэктара парку супярэчыць працэдуры афармлення заяўкі на пікет. Каб атрымаць на яго дазвол у гарвыканкаме, спачатку трэба заключыць усе адпаведныя дамовы, а не наадварот.

Пікет  у падтрымку беларускіх палітвязняў запланаваны на 10 жніўня. Ці атрымалі дазвол на яго правядзенне, праваабаронцы даведаюцца 5 жніўня. Адсутнасць дамовы з кіраўніцтвам парку можа стаць падставай, каб пікет не дазволіць.

Рубрыка “Самаабарона” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі