У Брэсцкай вобласці распачалася кампанія супраць рэкламы тытуню
У Брэсцкай вобласці распачалася кампанія супраць рэкламы тытуню. Сацыял-дэмакраты, праваабаронцы і сябры незалежных прафсаюзаў дамагаюцца забароны ці змены шыльд з назвай “Тытунь” на кіёсках. Падобныя кіёскі цягам апошніх месяцаў масава пачалі з’яўляцца ў Брэсце і іншых гарадах вобласці.
Усталёўваюць кіёскі з тытунёвай прадукцыяй пераважна на прыпынках грамадскага транспарту, распавядае старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі.
Маслоўскі: “На наш погляд, гэта нават не схаваная, а прамая рэклама тытунёвых вырабаў, бо маецца вялікі надпіс “Тытунь”. Гэтыя шапікі размешчаныя ў такіх грамадскіх, даступных месцах, дзе заўсёды ёсць дзеці, якія ездзяць у школу на грамадскім транспарце”.
На думку актывіста, надпіс “Тытунь” у грамадскіх месцах спрыяе павелічэнню спажывання тытунёвых вырабаў. У той жа час Брэсцкім аблвыканкамам і санітарна-эпідэміялагічнай службай на тэрыторыі вобласці праводзіцца інфармацыйна-адукацыйная акцыя “Брэстчына без тытуню!”. Маслоўскі называе сітуацыю парадаксальнай, маўляў, улады з аднаго боку агітуюць за тытунь, а з другога — супраць яго.
Актывісты распачалі кампанію супраць такой рэкламы тытуню. Яны падрыхтавалі зварот са сваімі прапановамі, які збіраюцца накіраваць у Міністэрства аховы здароўя, Палату прадстаўнікоў і Адміністрацыю прэзідэнта.
Маслоўскі: “Зварот мы падрыхтавалі ў двух выглядах. Па-першае, гэта электронная петыцыя. Па-другое, мы цяпер распачынаем традыцыйны збор подпісаў. Будзем яго весці на працягу двух месяцаў. Яго патрабаванне — унясенне зменаў у закон аб рэкламе і Дэкрэт прэзідэнта, які рэгулюе рэалізацыю тытунёвых вырабаў на тэрыторыі Беларусі”.
Маслоўскі дадае, што на працягу многіх гадоў мясцовыя ўлады змагаліся з кіёскамі ў сваіх гарадах: то асартымент не такі, то знешні выгляд псуе гарадскі пейзаж. Брэсцкі гарадскі Савет дэпутатаў 10 гадоў таму нават прыняў адмысловую Канцэпцыю ўпарадкавання і арганізацыі сучасных форм дробнарознічнага гандлю і паслуг у горадзе. У адпаведнасці з ёй, шапікі “перашкаджаюць фармаванню эстэтычнага ўзроўню гарадскога асяродку, у выніку чаго не паляпшаецца гандлёвае абслугоўванне насельніцтва”. Пастанова, дарэчы, дзейнічае і па сённяшні дзень.
Падпісаць электронную петыцыю можна тут.