У Брытаніі акупляюцца толькі 7% фільмаў, а ў Францыі баяцца Галівуда

У размове з гендырэктарам прадпрыемства “Кінавідэапракат” Васілём Коктышам даведваемся, што ў Беларусі з наведвальнасцю кіно ўсё не так і дрэнна. Прынамсі ў сталіцы.

Васіль Коктыш: “У нас толькі рост. Летась у Мінску было 5 мільёнаў гледачоў, а сёлета мы чакаем 5,5 мільёна”.

Атрымоўваецца, што за год колькасць наведвальнікаў мінскіх кінатэатраў павялічыцца на 10%. Васіль Коктыш адзначае, што ўвогуле патэнцыял сталічнай аўдыторыі складае 8 мільёнаў чалавек, у той час як кінатэатры могуць задаволіць патрэбы толькі 6 мільёнаў. Таму патрэбна будаваць новыя пляцоўкі.

Калі ж глядзець статыстыку па краінах ЕС, то там у кіно ходзяць ўсё радзей і радзей. Паводле дадзеных Еўрапейскай аўдыёвізуальнай абсерваторыі, агульная наведвальнасць еўрапейскіх кінатэатраў упала на 0,9%. Пры гэтым больш за ўсё паходы ў кіно ігнаруюць у паўднёвых краінах, ахопленых эканамічнымі праблемамі, — у Партугаліі (-12,3%), Італіі (-9,9%) і Іспаніі (-6,5%).

“Сярод фактараў, якія прывялі да падзення, называюць рэцэсію і недахоп фільмаў мясцовай вытворчасці, таксама адзначаецца рост уплыву інтэрнэт-пірацтва”, — шукае прычыны кінакрызісу іспанскі інтэрнэт-часопіс Marbella4.

Тое, што ў самой Іспаніі не ўсё добра, пацвярджае і нядаўняя гнеўная прамова вядомага іспанскага рэжысёра Педра Альмадавара. Ён напаў на ўрад сваёй краіны, назваўшы яго “глухім і неадчувальным” да праблем Іспаніі, і выступіў супраць “жудаснай культурнай палітыкі”. Рэжысёр назваў 2013 год найгоршым для іспанскай кінапрамысловасці, фінансаванне якой з боку дзяржавы значна знізілася апошнім часам.

Цікава, што калі ў Еўропе наведвальнасць кінатэатраў падае, то ў ЗША яна падскочыла на 6%. Шырокія магчымасці амерыканскіх фільм-мэйкераў вядомыя па ўсім свеце. Можа, таму ў Францыі вырашылі ратавацца ад экспансіі заакіянскіх студый і запатрабавалі “выключэння” на аўдыёвізуальны сектар падчас перамоваў аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕС і ЗША.

“Францыя бачыць фільмы краевугольным камнем пагрозы знікнення “нацыянальнай ідэнтычнасці”. Гэтае пытанне прымае пагрозлівыя памеры ў французскай палітыцы. Тое, што кінапрамысловасць гіне, робіць гэтую праблему яшчэ больш далікатнай. Калі французскія кінатэатры ў 1957 годзе прадалі 206 мільёнаў квіткоў, то ў 2010-м толькі 74 мільёны”, — адзначае Bloomberg.

Тым часам у Вялікабрытаніі, якая зрабіла некалькі кінахітоў ў апошнія гады (“007.каардынаты: “Скайфол”, “Кароль гаворыць”, “Мільянер з трушчоб”) акупляюцца толькі 7% кінастужак. Але нехта па-ранейшаму захоўвае пазітыў.

“Брытанскі рэжысёр Пол Грынграс апісаў брытанскую кінаіндустрыю як “гісторыю поспеху” і прадказаў, што яна будзе працягваць зведваць міжнародны рост асабліва ў Кітаі”, — піша BBC.

Варта дадаць, што брытанская кінаіндустрыя, якая ахоплівае 117 тысяч працаўнікоў, з’яўляецца другім у свеце экспарцёрам кінапрадукцыі пасля Галівуда.

Фота: leparigot.fr

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі