У Бялградзе вулічныя пратэсты, людзі патрабуюць адстаўкі прэзідэнта Вучыча
Гэта жанчына сцвярджае, што яе сына затрымала паліцыя / Reuters
У сталіцы Сербіі Бялградзе другі дзень працягваюцца масавыя пратэсты. Тысячы чалавек выходзяць на вуліцы з патрабаваннем адстаўкі прэзідэнта Аляксандра Вучыча.
Вучыча абвінавачваюць у карупцыі; у тым, што ён усталяваў у Сербіі аўтарытарны рэжым; у тым, што ён заплюшчвае вочы на гвалт у дачыненні да апазіцыянераў. Мітынгоўцы трымаюць у руках плакаты "Адзін з пяці мільёнаў": нядаўна Вучыч заявіў, што не прыслухаецца да патрабаванняў, нават калі на вуліцы выйдзе пяць мiльёнаў чалавек, то бокь большая частка насельніцтва Сербіі.
Аляксандр Вучыч прыязджаў у Беларусь у студзені 2017 года, тады яшчэ ў статусе прэм'ер-міністра. Ён сустрэўся з беларускім калегам, заявіў аб падтрымцы Беларусі і запрасіў Аляксандра Лукашэнку наведаць Сербію. 28 сакавіка 2018 года Вучыч і Лукашэнка размаўлялі па тэлефоне. А ў канцы красавіка стала вядома, што Беларусь перадала Сербіі чатыры знішчальнікі МіГ-29. Тады ж Сербія атрымала яшчэ шэсць МіГ-29 з Расіі. Гэтыя пастаўкі забяспечылі паветраную перавагу Белграда ў рэгіёне.