У Бярозе незалежную журналістку аштрафавалі на 4,5 млн рублёў
Тамару Шчапёткіну прызналі вінаватай у супрацы з замежным СМІ без акрэдытацыі.
Незалежную журналістку Тамару Шчапёткіну прызналі вінаватай у супрацы з замежным СМІ без акрэдытацыі і аштрафавалі на 4,5 млн рублёў. Такое рашэнне 17 лістапада прыняў Бярозаўскі раённы суд (суддзя Наталля Вакульчык).
Нагадаем, што адміністрацыйны пратакол у дачыненні жанчыны быў складзены міліцыянерамі ў канцы лістапада. Падставай для абвінавачання сталі паказанні сведак, якія прызналі, што менавіта Шчапёткіна брала ў іх інтэрв'ю, якія пазней з'явіліся на сайце "Радыё Рацыя" (Польшча).
Падчас разгляду справы Шчапёткіна заявіла, што не з'яўляецца сталым супрацоўнікам "Радыё Рацыя". Аднак яна і не адмовіла той факт, што сапраўды брала ў сведак каментары і дасылала матэр'ялы на электронную скрыню рэдакцыі. Па словах жанчыны, артыкулы яна адначасова дасылала ў розныя выданні.
"Ну што тут сказаць? Суддзі зрабіць так сказалі... І я ўжо гаварыла, што вырак вядомы... Гэта адназначна звязана з выбарамі — яны зачышчаюць інфармацыйную прастору", — каментуе справу сама Тамара Шчапёткіна.
Рашэнне суду незалежная журналістка збіраецца абскардзіць.