У Быхаве з-за аварыі ў каналізацыі спынілі падачу вады (фота)
Выратавальнікі спадзяюцца аднавіць яе на працягу панядзелка.
Пра гэта Еўрарадыё распавялі ў прэс-службе Магілёўскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Прэс-служба: "23 лістапада нам паступіла паведамленне з "Быхаўрайводаканала", што на вуліцы Першамайскай каля дома №42 абрынуўся ўчастак жалезабетоннай трубы галоўнага гарадскога каналізацыйнага калектара. Дыяметр 800 метраў. Працы дагэтуль працягваюцца. Мы працуем разам з ЖКГ. Калі ўсё нармальна атрымаецца, мы плануем, што сёння працы будуць скончаныя".
Па словах прадстаўніка прэс-службы, працы ўскладняюцца, бо апошнія тры дні ідзе дождж, а гэта замінае ўмацаванню сценак. З утворанага катлавана дагэтуль адпампоўваюць ваду. У ліквідацыі аварыі задзейнічана 19 адзінак тэхнікі і 33 чалавекі.
Каб зменшыць паступленне сцёкаў у каналізацыйны калектар, быў зніжаны ціск у гарадской водасетцы і арганізаваны падвоз пітной вады насельніцтву.
Фота — mchs.gov.by