У цэнтры Мінска знайшлі скарб з 24 царскіх залатых манет (фота)
Скарб з 24 царскіх залатых манет знайшоў гісторык Павел Каралёў у цэнтры Мінска. Пра гэтую гісторыю ён напісаў у сваім акаўнце на Фэйсбуку.
Знаходка трапілася Каралёву ў парку Марата Казея, дзе вядзецца будаўніцтва.
"Налазіўшыся, нахадзіўшыся, звярнуў увагу на нешта жоўтае ў зямлі, на манету. Падумаў, што савецкі пятак.
Прыглядзеўся — аказалася, залатая манета з профілем Мікалая ІІ. Затым яшчэ адна, яшчэ...
Пасля патрапілася зубная каронка... Стала ніякавата... Далей там жа выглянуў з зямлі ланцуг (для ланцужка крыху завялікі), пярсцёнак, і зноў манеты, манеты", — піша гісторык.
Ён вызваніў археолага Сяргея Дзярновіча з Акадэміі навук і спыніў землярыйныя працы экскаватара. Да прыезду археолага Каралёў знайшоў 16 манет, пярсцёнак, ланцуг, зубную каронку (на 4 зубы). З дапамогай металашукальніка археолагі знайшлі яшчэ 8 манет — агулам 24.
"Таксама важна, што побач былі кавалкі тканіны (або скуры). Верагодна, скарб быў завёрнуты туды. Але як экскаватар зямлю вываліў (робячы траншэю недзе 3 тыдні таму), манеты, верагодна, вываліліся. Адна з іх і кінулася мне ў вочы", — распавядае Каралёў.
Выявілася, што яму трапіліся залатыя манеты часоў Мікалая ІІ ў выдатным стане. Знаходку забраў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.