У чацвер Федэрацыя футбола можа апусціць БАТЭ на 3-е месца ў чэмпіянаце
Дысцыплінарны камітэт Федэрацыі футбола, які можа пазбавіць барысаўскі БАТЭ трох ачкоў у чэмпіянаце Беларусі, збярэцца 12 кастрычніка. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў Сяргей Ільіч, дырэктар міжнародна-прававога дэпартамента асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола”.
“Пакуль жа, наколькі я ведаю, [дысцыплінарны] камітэт праводзіць разбіральніцтва”, — дадаў Сяргей Ільіч.
Яшчэ 7 жніўня брамнік БАТЭ Сяргей Верамко быў дыскваліфікаваны на пяць матчаў і аштрафаваны на 1150 рублёў. Падчас гульні з ФК “Мінск”, пры ліку 1:0 не на карысць барысаўчан, ён пасварыўся з арбітрам Віталём Севасцянікам. Пасля матча канфлікт працягнуўся, і суддзя паказаў футбалісту чырвоную картку. Ён патлумачыў, што Верамко пагражаў яму фізічнай расправай.
Сяргей Верамко адбыў дыскваліфікацыю і быў заяўлены на наступны матч БАТЭ — са “Слуцкам”, якую барысаўчане выйгралі. Аднак пасля гульні стала вядома, што брамнік не заплаціў штраф, а значыць, не меў права прымаць удзел у матчы. І хаця Верамко на поле так і не выйшаў, у дысцыплінарнага камітэта АБФФ з’явіліся фармальныя прычыны прысудзіць БАТЭ тэхнічную паразу ў гульні са “Слуцкам” і пазбавіць барысаўскі клуб трох заробленых ачкоў.
За 6 тураў да канца на першым радку табліцы чэмпіяната Беларусі “Шахцёр” з 56 ачкамі. БАТЭ з 54 ачкамі займае другое месца. На трэцім месцы — мінскае “Дынама”, 52 ачкі.
Калі ў барысаўскага клуба стане на тры ачкі менш, ён адкаціцца на трэцяе месца. Ад лідара чэмпіяната БАТЭ будзе аддзяляць пяць ачкоў. Гэта надзвычай ускладніць барацьбу за чэмпіёнства барысаўчанам, якія дагэтуль выйгравалі чэмпіянат Беларусі 11 гадоў запар.