У даведцы аб смерці барысаўскага фельчара напісалі: COVID-18
8 красавіка ў рэанімацыі 2-й лякарні Барысава памёр 50-гадовы фельчар Васіль Ліпілін. У пасведчанні аб смерці, якое атрымаў яго сын Данііл, напісана, што прычынай хваробаў, якія прывялі да лятальнага выпадку, стаў... COVID-18!
У дакуменце побач з COVID-18 пазначаны код B97.2: "Каранавірусы як прычына хвароб, класіфікаваных у іншых рубрыках". Таксама ў пасведчанні згадваюцца дзве прычыны смерці: сіндром рэспіраторнага расстройства і двухбаковая вірусная пнеўманія.
Ідэнтыфікаванаму COVID-19 адпавядае іншы код: U07.1.
Падчас прэс-брыфінга 17 красавіка міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, не называючы імёнаў, згадаў лятальны выпадак у службе хуткай медычнай дапамогі. "Папярэднія дадзеныя — гэтая сітуацыя не звязаная з каранавіруснай інфекцыяй", — сказаў міністр.
На гэтыя словы эмацыйна адрэагаваў сын памерлага фельчара Данііл Ліпілін. На яго думку, гаворка ішла пра яго бацьку, гібель якога спрабуюць схаваць — ці, прынамсі, не ўлічыць у статыстыцы смерцяў, звязаных з COVID-19.
Са статыстыкай па распаўсюдзе каранавіруснай інфекцыі ў Беларусі ўсё сапраўды няпроста. 18 красавіка Мінздароўя ізноў не паведаміла агульную колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19. Вылічыць яе немагчыма, бо чыноўнікі не паведамілі, колькі пацыентаў з лёгкай формай каранавіруснай інфекцыі адпраўлена лячыцца ва ўмовах хатняй самаізаляцыі.
Калі дынаміка распаўсюду віруса ў Беларусі захоўвалася на ранейшым узроўні, 18 красавіка ў нашай краіне мусіла стаць больш за 5 тысяч пацверджаных выпадкаў COVID-19.
Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка публічна заявіў: "Ніхто ад каранавіруса ў нашай краіне не памрэ. Я публічна пра гэта заяўляю".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.