У Дрыбінскім раёне загадчыца фермы і перадавік вытворчасці можа трапіць пад суд
У далейшым жанчына абяцае больш такіх памылак не рабіць
У Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласці загадчыца фермы і перадавік вытворчасці самай буйной мясцовай гаспадаркі можа трапіць пад суд. Па факце падробкі статыстыкі наконт гібелі буйной рагатай жывёлы распачалі крымінальную справу, паведамляе тэлеканал СТБ.
У сюжэце адзначаецца, што кожны месяц органы статыстыкі прадастаўляюць пракуратуры зводкі наконт буйной рагатай жывёлы. І супрацоўнікі пракуратуры "чытаюць між радкоў", выязджаюць на фермы, каб асабіста падлічыць колькасць цялятаў. Такія візіты — "адзіная магчымасць дамагчыся праўды".
У выпадку з загадчыцай фермы ААТ "Трылесіна-Агра" пракурорскі работнік не знайшоў на ферме 32 цялятаў. Страты гаспадаркі ацанілі на суму больш за 8 тысяч рублёў.
Загадчыца кажа, што сапраўды спрабавала схаваць гібель жывёлы, каб "не падставіць" сваю гаспадарку. Думала, што "расцягне" ў статыстыцы сумную лічбу "на некалькі месяцаў", але не паспела. Яна цалкам прызнала сваю віну і гатовая кампенсаваць страты. За яе заступіліся работнікі гаспадаркі.
"Я цяпер разумею, што не мела рацыі, — кажа жанчына. — У будучым... Цяпер мне далі шанец, як працаваць далей, як усё гэта рабіць. І ў далейшым больш такіх памылак не рабіць". Зусім магчыма, што яна будзе працаваць на ферме і далей.
Высветліць, чаму цяляты загінулі, не атрымалася.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.