У Ельску міліцыя адпрацоўвае дзеянні ў выпадку нападу на горад
Байцы з жоўтымі павязкамі цягнуць "забітага" міліцыянера ў лес / Скрыншот з відэа МУС
У аўторак у Ельску ў Гомельскай вобласці міліцыя адпрацоўвае "арганізацыйныя і практычныя дзеянні" ў выпадку нападу на горад. Як паведамляе прэс-служба МУС, яна вучыцца змагацца з "дыверсійна-разведвальнымі групамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі". На вучэннях прысутнічаюць "прадстаўнікі сілавога блока і органаў мясцовай улады".
На відэа МУС відаць, што з грузавіка даішнікі былі абстраляныя вайскоўцамі з жоўтымі павязкамі. Трупы "забітых" яны схавалі ў лесе, аўтаматы забралі. Міліцыі стала вядома пра атрад з 30 узброеных чалавек. Былі перакрытыя дарогі, у тым ліку і бронетэхнікай, для пошуку невядомых выкарыстоўваўся дрон.
Ельскі раён знаходзіцца на мяжы з Украінай. Нядаўна старшыня КДБ РБ Іван Тэртэль заявіў, што ўзброеныя беларускія атрады збіраюцца ўвайсці ў Беларусь з боку Украіны, каб узяць пад кантроль адзін з раённых цэнтраў: "Яны створаць плацдарм, па якім паволі пачнуць рухацца ў бок Мінска".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.