У ЕС адказалі на газавы шантаж Лукашэнкі
Еўрасаюз не дазволіць запалохаць сябе пагрозамі пра перакрыццё паставак газу. Так еўракамісар па энергетыцы Паола Джэнцілоні адказаў на заявы Аляксандра Лукашэнкі, перадае DW.
"У пытаннях паставак газу мы павінны максімальна выкарыстоўваць нашы адносіны з краінамі-пастаўшчыкамі — дзяржавамі Афрыкі, Нарвегіяй, Расіяй, і мы не дазволім Лукашэнку запалохаць нас сваімі пагрозамі", — падкрэсліў ён.
Пытанні паставак газу, па яго словах, будуць уключаныя ў абаронную канцэпцыю Еўрасаюза пад назвай "Стратэгічны компас ЕС". Зацвердзіць яе плануецца ў 2022 годзе.
Кіраўнік Беларусі прыгразіў перакрыць транзіт газу ў Еўропу, калі санкцыі супраць яго рэжыму будуць пашыраныя. ЕС плануе новыя санкцыі як адказ на стварэнне міграцыйнага крызісу. Лукашэнка ж заявіў, што гатовы ў адказ на гэта перакрыць транзіт па транснацыянальным газаправодзе "Ямал-Еўропа".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.