У Германіі — масавыя дэманстрацыі супраць імігрантаў пасля забойства

У Германіі — масавыя дэманстрацыі супраць імігрантаў пасля забойства

На сходзе Германіі ў горадзе Хемніц некалькі чалавек пацярпелі падчас сутычак паміж удзельнікамі дэманстрацый супраць і ў падтрымку іміграцыі, перадае Бі-Бі-Сі.

Крайне правыя актывісты другі дзень ладзяць акцыі ў цэнтры горада пасля таго, як там у нядзелю быў зарэзаны мужчына. Па падазрэнні ў забойстве былі затрыманыя грамадзяне Сірыі ды Ірака.

Побач з правымі пратэстуюць левыя актывісты: яны вінавацяць сваіх апанентаў у спробе зарабіць палітычны капітал на забойстве.

Нямецкія ўлады заклікалі абодва бакі канфлікту да спакою і перасцераглі ад самасуду. Падчас сутычак паліцыя нават выкарыстала вадамёт. Некалькі чалавек трапілі з траўмамі ў лякарню.

Таксама нямецкія ўлады паведамілі, што расследуюць выпадкі нападаў на грамадзян Афганістана, Сірыі ды Балгарыі падчас беспарадкаў у нядзелю. Паводле некаторых звестак, ультраправыя ганяліся па вуліцах за замежнікамі.

Здарэнне, якое прывяло да ўсіх гэтых беспарадкаў, адбылося ў ноч на нядзелю падчас вулічнага фестывалю. Падчас панажоўшчыны быў паранены 35-гадовы цясляр, які памёр ад нажавых раненняў у шпіталі. Сур'ёзныя раны атрымалі яшчэ два немцы — 33 і 38 гадоў. Па падазрэнні ў нападзе паліцыя затрымала 23-гадовага грамадзяніна Сірыі і 22-гадовага іракца.

Пасля гэтага ў горадзе пачаліся беспарадкі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі