Лукашэнка змяніў умовы дапамогі па беспрацоўі — каб "выключыць утрыманства"

Умовы выплаты дапамогі па беспрацоўі становяцца больш жорсткімі, ілюстрацыйнае фота

Умовы выплаты дапамогі па беспрацоўі становяцца больш жорсткімі, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

11 кастрычніка Лукашэнка падпісаў шэраг новых законаў. У тым ліку закон "Аб змене законаў па пытаннях занятасці насельніцтва".

Паведамляецца, быццам гэты закон павінен "выключыць утрыманства і стварыць умовы для занятасці насельніцтва". Дзеля гэтага ўводзяцца больш строгія ўмовы атрымання дапамогі па беспрацоўі.

Яна будзе прызначацца пры выкананні наступных умоваў:
— у службе занятасці трэба зарэгістравацца на працягу месяца з даты звальнення;
— не менш за пяць гадоў да рэгістрацыі беспрацоўным неабходна мець працу з выплатай унёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Між тым, максімальная дапамога па беспрацоўі складае дзве базавыя велічыні. Сёння гэта 80 рублёў. Некаторым катэгорыям (напрыклад, людзям, якія выхоўваюць дзяцей) даюць прыбаўку — 10%.

На ўліку ў службе занятасці можна будзе знаходзіцца толькі 12 месяцаў замест цяперашніх 18. Перыяд выплаты дапамогі па беспрацоўі скарачаецца ўдвая — з шасці да трох месяцаў.

Таксама закон уводзіць квоты працоўных месцаў для людзей з інваліднасцю. Квоты будуць прызначацца ў парадку і памерах, вызначаных урадам, для наймальнікаў усіх формаў уласнасці (акрамя грамадскіх аб'яднанняў людзей з інваліднасцю, некамерцыйных і бюджэтных арганізацый).

Пры гэтым пашыраецца пералік катэгорый беспрацоўных, якім даюцца дадатковыя гарантыі занятасці. Сюды трапляюць людзі перадпенсійнага веку (за пяць гадоў да дасягнення пенсійнага веку), а таксама тыя, хто перастаў знаходзіцца ў ЛПП, і асобы, якія пакутуюць на алкагалізм, наркаманію і прайшлі медрэабілітацыю.

Затое беспрацоўныя атрымаюць магчымасць электроннай рэгістрацыі, а таксама рэгістрацыі не толькі па месцы жыхарства, але і па месцы знаходжання. А наймальнікам даецца права заяўляць у агульнарэспубліканскі банк вакансій звесткі пра бягучую і перспектыўную запатрабаванасць у работніках на дзеючыя і новыя працоўныя месцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі