У Гомелі асуджаных на “хімію” навучаць культуры харчавання
У Гомелі асуджаным на гэтак званую “хімію” будуць выкладаць культуру харчавання. Як паведамляе БЕЛТА, у мясцовай папраўчай установе адкрытыга тыпу №17 з гэтай мэтай адчыняецца эксперыментальны вучэбны кухонны камбінат “Школа культуры харчавання”. У ім будуць чытаць лекцыі і праводзіць практычныя заняткі педагогі і майстры Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі, якія выкладаюць адпаведную дысцыпліну ў сваёй навучальнай установе.
Курс для асуджаных разлічаны на 40 акадэмічных гадзінаў, з якіх 24 гадзіны будуць прысвечаныя практыцы. Яго павінны прайсці каля 100 чалавек. У папраўчай установе спадзяюцца, што іх падапечныя змогуць скарыстацца карыснымі ведамі і пасля завяршэння тэрміну пакарання.
Гэты міні-праект рэалізуецца ў рамках сумеснага міжнароднага сацыяльнага праекта “Адукацыя адчыняе дзверы”. Яго ажыццяўляюць Дэпартамент выканання пакаранняў, Гомельскае абласное грамадскае аб’яднанне “Сацыяльныя праекты” і зарэгістраванае ў Беларусі таварыства Deutsher Volkshochschul-Verband (ФРГ).