У Гомелі грамадзянам Украіны, бацьку і сыну, прысудзілі 40 гадоў на дваіх
Грамадзяне Украіны ў судзе
У Гомелі грамадзянам Украіны Сяргею і Паўлу Кабарчукам, бацьку і сыну, прысудзілі 40 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму на дваіх (па 20 кожнаму) і штраф — па 28 тысяч рублёў. Іх назвалі "дыверсантамі СБУ", якія нелегальна трапілі на тэрыторыю Беларусі. Справу разглядаў Гомельскі абласны суд. Украінцаў прызналі вінаватымі па артыкулах "акт тэрарызму", "незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў", "агентурная дзейнасць" і "незаконнае перамяшчэнне праз мяжу атрутных рэчываў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў".
Пра іх затрыманне было аб'яўлена ў лютым 2024-га. Нібыта яны — ўдзельнікі "дыверсійна-разведвальнай групы". Сцвярджаецца, што ў затрыманых украінцаў знайшлі выбухоўку "для правядзення тэрактаў". Пры гэтым КДБ паведамляла, што яны займаліся кантрабандай.
У лютым каля мяжы з Украінай быў затрыманы і беларус Віталь Уласюк, якога назвалі "памагатым". Яго будуць судзіць асобна — у Брэсце. Абвінавачваюць мужчыну толькі ў кантрабандзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.