У Гомелі выкрылі групу кватэрных махляроў

У Гомелі выкрылі групу кватэрных махляроў

У Гомелі выкрылі злачынную групу, якая займалася махінацыямі на рынку жылля. Паводле звестак упраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці, завершанае расследаванне адпаведнай крымінальнай справы.

Выявілася, што мужчына 1973 года нараджэння прыдумаў схему прысабечвання маёмасці і грошай пад выглядам угодаў паміж грамадзянамі. Ён і ачоліў злачынную групу.

У перыяд з 2010 па 2015 гады злачынцы знаходзілі кватэры, уласнікі ці наймальнікі якіх памёрлі і не маюць спадчыннікаў або доўга не жылі ў іх, а таксама асоб з ліку непрацуючых, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі і маюць запазычанасці па аплаце камунальных паслугаў. Зламыснікі падманам ці на розных падставах схілялі ўладальнікаў прадаць сваё жыллё, абяцалі набыць жыллё меншай плошчы на выгадных умовах, але загадзя не мелі намеру выконваць узятыя на сябе абавязанні.

Таксама яны займаліся падробкай натарыяльных дакументаў. Напрыклад, у 2012 годзе абвінавачаныя завалодалі кватэрай памерлага гамельчука, якая павінна была перайсці ва ўласнасць дзяржавы, дый прадалі яе.

Усяго выявілі не менш за 16 незаконных угодаў з нерухомасцю — у Гомелі, Гомельскім, Веткаўскім і Буда-Кашалёўскім раёнах. Агульная шкода, нанесеная злачынствамі, склала 400 тысяч рублёў. На момант заканчэння следства шкоду кампенсавалі практычна цалкам.

У бліжэйшы час перад судом з’явяцца арганізатар групы і два яго саўдзельнікі — мужчына 1978 года нараджэння і жанчына 1971 года нараджэння. Яшчэ адна ўдзельніца групы памерла раней і яшчэ аднаго абвінавачанага цяпер вышукваюць.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі