У Гродна на фестываль моды прывезлі вышыванку і георгіеўскія стужкі (фота)
Больш за 30 калекцый адзення ад маладых дызайнераў і беларускіх вытворцаў паказалі на трэцім фестывалі моды Гродна Fashion Show — 2015. Традыцыйна шоў правялі ў два паказы ў глядзельнай зале ААТ "Радыёхваля" 3 кастрычніка.
Сёлета да мясцовых аўтараў далучыліся дызайнеры з іншых абласцей і сталіцы. Напрыклад, з Пінска прывезлі калекцыю "Купалле", дзе адзенне і аксэсуары былі выкананыя ў народных матывах. Юны дызайнер з Гродна дадала георгіеўскія стужачкі да кветак ручной працы. Акрамя гэтага, на подыум мадэлі выходзілі ў аўтарскай вопратцы з птушкамі, белымі бантамі на дроце, у бусах, пер'і і купальніках. А вытворца са Жлобіна апрануў на дзяцей карнавальныя касцюмы Бэтмена, чарапашак-ніндзя, Снягуркі і Чырвонага Каптурка.
Кожны з абодвух паказаў доўжыўся некалькі гадзін. У перапынках госці маглі перакусіць і купіць аўтарскія аксэсуары — капелюшы і матылькі ручной працы.