У Гродне пракуратура папярэдзіла журналіста за яго выказванні на польскім радыё

У Гродне пракуратура папярэдзіла журналіста за яго выказванні на польскім радыё

У Гродне пракуратура афіцыйна папярэдзіла журналіста Анджэя Пісальніка за яго выказванні ў пачатку красавіка 2021-га на польскіх радыёстанцыях "Radio 24" і "Radio 4". Па версіі пракуратуры, ён "выказаў шэраг меркаванняў, мэта якіх — узбудзіць у насельніцтва нацыянальную варожасць і варожасць на моўнай глебе", а таксама "сфармаваць непрыязнасць і недавер да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь, распаўсюдзіць ілжывую інфармацыю аб іх дзейнасці".

Што ж сказаў Пісальнік? Служба інфармацыі пракуратуры Гродзенскай вобласці заяўляе, што ён гаварыў пра "шырокамаштабную прапаганду" супраць Польшчы ў дзяржаўных СМІ Беларусі. Што палякаў у вачах грамадства робяць "ворагамі народа", "як было ў сталінскія часы". Што ідзе запалохванне настаўнікаў, якія выкладаюць польскую мову, і вучняў, якія яе вывучаюць. Пракуратура лічыць, што нічога такога ў Беларусі няма.

"Паколькі змест публічных выступленняў Анджэя Пісальніка супярэчыць патрабаванням заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб нацыянальных меншасцях і аб супрацьдзеянні экстрэмізму, пракурор г[орада] Гродна абвясціў яму афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці паўторнага парушэння закона", — гаворыцца ў паведамленні.

Журналіста Анджэя Пісальніка называюць "актывістам незарэгістраванага ў Беларусі  так званага Саюза палякаў". Як вядома, вясной 2021-га за краты трапіла група актывістаў гэтага непрызнага ўладамі нашай краіны грамадскага аб'яднання. Сярод іх — Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут. Адбылося гэта на фоне пагаршэння адносін Беларусі і Польшчы, высылкі дыпламатаў. Відаць, Пісальнік і распавёў на польскім радыё пра гэтыя падзеі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі